Як за год змяніліся цэны на лекі
BAR24 параўнаў цэны на лекі і сродкі медыцынскага прызначэння ў лістападзе гэтага і мінулага года ў адной з аптэк горада Баранавічы. У спіс увайшлі найбольш хадавыя лекі і медыцынскія тавары, збольшага беларускай вытворчасці. Так, у тройку медпрэпаратаў і вырабаў, што найбольш падаражэлі за год, увайшлі: мукалцін, валідол і вата. Мукалцін (ва ўпакоўцы 30 таблетак) за год падаражэў у 1,33 разу і каштуе 3 рублі 56 капеек. Валідол за год прыбавіў амаль рубель (або 28%). Звычайная стэрыльная вата за год падаражэла на траціну, дадаўшы ў кошце 71 капейку.
Пры гэтым некаторыя лекі патаннелі. Больш за ўсё “страціла” настойка глогу (50 мл) — мінус 30%. Цяпер яе кошт – 1 рубель 11 капеек. Значна патаннелі бактэрыцыдны лейкапластыр (мінус 26%) і нестэрылізаваны бінт (мінус 19%). (паводле “Наша Ніва)
Беларусы могуць атрымаць грашовыя пераводы ад “Почты Росии”
“Почта Росии” прапанавала паслугу тэрміновых грашовых пераводаў у Беларусь. Грошы можна забраць у любым аддзяленні “Белпошты”, дзе даступны інтэрнэт, піша Office Life.
Перавод выдадуць у беларускіх рублях па курсе Нацбанка. Пры гэтым уся сума пераводу даступная атрымальніку адразу пасля адпраўлення. Кошт такога тэрміновага міжнароднага паштовага пераводу – 1,8%. Перавод можна правесці і ў зваротным напрамку, у Расеі яго атрымальніку дадуць суму ў расейскіх рублях па курсе Банка Расеі на дату атрымання. Да гэтага часу беларусам былі даступныя міжнародныя пераводы праз сістэмы “Юністрым”, “Залатая карона”, Money Gram, Contac і “Ашчадбанк Анлайн”.
Ryanair чакае рэкорднага прыбытку
Лаўкостэр Ryanair заявіў, што ў гэтым годзе паб’е свой рэкорд па прыбытку і выплаціць інвестарам рэгулярныя дывідэнды. Справы кампаніі ідуць угару пасля прыкметнага росту тарыфаў (на 24%) гэтым летам, піша Reuters.
Ryanair падлічыў, што яго прыбытак пасля выплаты падаткаў за фінансавы год, які скончыцца ў сакавіку, складзе ў межах двух мільярдаў еўра. Гэта вышэй за рэкорд 2018 года, калі ўдалося зарабіць 1 мільярд 450 мільёнаў еўра. Гендырэктар кампаніі Майкл О’Ліры тлумачыць паспяховасць сваёй кампаніі тым, што ёй удаецца павялічваць флот і зніжаць выдаткі хутчэй, чым канкурэнтам: з ліпеня па верасень гэтага года Ryanair перавезла пасажыраў на 25% больш, чым у 2019 годзе. За гэты ж перыяд прапускная здольнасць еўрапейскага флоту ў цэлым знізілася на 7 працэнтаў да ўзроўню 2019 года.
Сваёй галоўнай праблемай Ryanair лічыць магчымую затрымку з пастаўкай 10 з 57 новых самалётаў Boeing 737 MAX, якія павінны з’явіцца ў авіяпарку да лета наступнага года.
Беларускае Радыё Рацыя