Якая інфляцыя чакае беларусаў у 2015 годзе?
Эканаміст Барыс Жаліба прагназуе рост інфляцыі на канец году і распавядае, чаму ў той час, калі кошты былі замарожаныя, інфляцыя за студзень склала 2,4% .
У студзені 2015 года кошты на тавары і паслугі выраслі на 2,4% у параўнанні са снежнем 2014 года. У параўнанні са студзенем 2014-га кошты выраслі на 17,1%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Такім чынам інфляцыя за студзень склала 2,4%. Пры гэтым урад ўводзіў забарону на рост коштаў у гэтым месяцы.
Барыс Жаліба: Перш-найперш трэба сказаць, што не ўсе кошты ў студзені былі замарожаныя, хоць, шчыра кажучы, можна заблытацца ў спісе тавараў і паслуг, якія кантралюе дзяржава. У студзені далі нейкую магчымасць павышаць кошты на імпарт прапарцыянальна дэвальвацыі рубля, на тавары з імпартным складнікам. Гэта ўсё спрацавала. Як бы не стрымлівалі кошты, але інфляцыя ўсё роўна сказала сваё слова. І мне здаецца, вельмі складана змагацца з аб’ектыўнымі эканамічнымі ці макраэканамічнымі заканамернасцямі. Яны праяўляюцца. Калі дапушчана дэвальвацыя, якая адбылася ў Беларусі, то будзе і ўсплеск інфляцыі, як не прыціскай кошты рознымі абмежавальнымі мерамі. 2,4 адсотка за месяц – гэта дастаткова шмат. Так што супраць законаў эканомікі не папрэш.
РР: Стрымліванне росту коштаў працягнецца?
Барыс Жаліба: Адміністратыўным шляхам – так, бо абмежаванні нават у коштах па імпарту застаюцца. Але, думаю, інфляцыя па-ранейшаму будзе раскручвацца і па месяцах будзе значна вышэйшай, чым у мінулым годзе.
РР: Некаторыя падлічылі, што, калі студзеньская тэндэнцыя захаваецца і кожны месяц інфляцыя будзе 2,4%, то за год яна можа дасягнуць амаль 30%. Наколькі гэта рэальна?
Барыс Жаліба: Матэматыка дае магчымасць гэта зрабіць, і месячную інфляцыю можна перавесці ў гадавую. Але пры гэтым трэба разумець, што інфляцыя мае сезонны характар і ў летнія месяцы яна заўсёды зніжаецца. Дарэчы, у мінулым годзе так і было, таму лінейнай залежнасці тут няма. А ўвогуле, рост інфляцыі будзе найперш залежыць ад таго, наколькі беларускім уладам ўдасца рэфінансаваць свае даўгі, і які валютны крэдыт дасць Беларусі Расея. Калі дадуць менш за 3 мільярды даляраў, то гэтага недастаткова. Калі больш – гэта згуляе сваю ролю ў тармажэнні дэвальвацыі беларускага рубля і тармажэнні інфляцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя