Якая рэальная сітуацыя з АЧС у Беларусі?
Паўторны зварот у дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь накіраваў прадстаўнік міжнароднага грамадскага аб’яднання ’’Зялёная сетка’’ ў Берасці Аляксей Коўтун. У ім актывіст пытаецца, ці ёсць спецыялізаваныя мапы міграцыі дзікоў, у прыватнасці, на тэрыторыі Белавежскай пушчы, ці абмяркоўваліся шляхі міграцыі дзікіх кабаноў на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаўных ветэрынарных службаў у Польшчы, а таксама ці магчыма ліквідацыя або скарачэнне ўведзеных зон пагрозы ў Рэспубліцы Беларусь.
“Раней прадстаўнікі міністэрства тлумачылі, што яны ладзяць дастатковую колькасць мерапрыемстваў, каб знізіць міграцыю дзікоў”, – адзначыў Аляксей Коўтун:
– Калі ў Беларусі сітуацыя стабільная і няма ніякай пагрозы, то чаму да гэтай пары захоўваюцца так званыя “зоны адчужэння”, дзе забаронена разводзіць свінняў. У Берасцейскай вобласці людзі абураюцца і патрабуюць хаця б памяншэння памераў гэтых зон.
У папярэднім адказе прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь з дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду патлумачылі, што ў сувязі з распаўсюдам АЧС забаронены ўвоз з Польшчы свінняў, мяса свініны і прадуктаў яго перапрацоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота shahter.by