Які лёс чакае беларускі рубель?
12 студзеня на пачатку таргоў на БВФБ у Менску курс даляра вырас на 178 рублёў да 19 226, еўра – на 212 рублёў да 20 949.
Расейскі рубель таксама вырас на 0,25 да 250,46.
Учора, нагадаем, рост даляра склаў 296 рублёў, а еўра вырас на 637 беларускіх.
Сёння кошт нафты маркі Brent апусціўся ніжэй псіхалагічнай адзнакі ў 31 даляр за бараль упершыню за 12 гадоў.
Станіслаў Багданкевіч: У такой сітуацыі вельмі складана даць дакладны прагноз, бо мы бачым, што сітуацыя змяняецца штодзень. Але, калі Беларусь атрымае крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду (а пра гэта чыноўнікі кажуць, як быццам крэдыт ужо практычна ёсць у кішэні), то, магчыма, вялікага абвалу рубля не будзе. І яшчэ чакаецца прыкладна столькі ж грошай з Усходу ды расейскія камерцыяныя банкі звычайна даюць пазыкі… Зрэшты, калі раней я прагназаваў, што да канца гэтага года курс будзе ў межах 20 тысяч рублёў за даляр, то, прызнаюся, што тут я моцна памыліўся.
РР: Нацбанк можа адміністратыўным шляхам стрымліваць падзенне рубля?
Станіслаў Багданкевіч: Не думаю, што яму гэта патрэбна. Іншая рэч, што да гэтага часу знешнегандлёвы баланс быў збалансаваны, а ўся праблема заключалася ў тым, што неабходны былі 3 мільярды даляраў, каб аддаваць знешнія запазычанасці. Абвал мог быць за кошт гэтага пагашэння. Калі ж краіна атрымае крэдыты, то і становішча ў гэтым кірунку выправіцца.
РР: Але ж эксперты адзначаюць, што найперш на беларускі рубель аказвае ўплыў абвал расейскага рубля.
Станіслаў Багданкевіч: Я ўвесь час кажу, што ў нас ёсць свой Нацбанк і свая валютная палітыка. Таму, на мой погляд, гэтая залежнасць перабольшаная, чым на самой справе ёсць. Можна ўсё патлумачыць знешнімі фактарамі, хоць многія забываюць пра фактары ўнутраныя. І праблема ў нас унутры краіны. Калі знешнегандлёвая збалансаванасць будзе забяспечана, а для пагашэння знешніх пазыкаў будуць крэдыты, то я не чакаю вялікай дэвальвацыі рубля. Яна будзе прыкладна ў межах інфляцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя