Які лёс чакае кітайскія машыны “Джылі”?
Эканаміст Барыс Жаліба кажа, што канкураваць на рынку кітайскім легкавушкам, якія збіраюцца ў Беларусі, будзе надзвычай складана.
Барыс Жаліба: У эканоміцы ёсць такое паняцце, як кропка нястратнасці. Гэта азначае, што прадпрыемства павінна выпусціць пэўную колькасць прадукцыю, каб выйсці на прыбытак. Да гэтага яно будзе ў мінусе за кошт так званых пастаянных выдаткаў. Гэта выдаткі на кіраванне, электраэнергію і гэтак далей. Яны заўсёды ёсць і ўскладаюцца на малую колькасць прадукцыі. З-за гэтага атрымліваецца высокі сабекошт, які перакрывае прыбытак. У “БелДжы”, які выпускае кітайскія аўта, гэтую кропку нястратнасці вызначалі ў межах 30-35 тысяч машын у год. Толькі пасля гэтага пойдзе прыбытак. Але, наколькі вядома, па плане павінны выпускаць аж 60 тысяч у год.
РР: Многія задаюцца пытаннем: куды такую колькасць прададуць?
Барыс Жаліба: Вось гэта і ёсць самая галоўная праблема! Зразумела, што не вельмі аб’ёмнаму беларускаму рынку такая колькасць машын не патрэбна. Расея? Не самы лепшы варыянт. Па-першае, расейцы таксама перажываюць эканамічны крызіс, там назіраецца падзенне вытворчасці. Па-другое, у Расеі выпускаецца вельмі шмат вядомых аўтабрэндаў – збіраюцца БМВ, японскія аўтамабілі. І кітайскай машыне “Джылі” канкурыраваць з гэтымі брэндамі сёння нерэальна. У такім выпадку многія машыны будуць заставацца на складах. І сённяшнія продажы гэта пацвярджаюць – іх можна пералічыць на пальцах.
РР: Чым, на ваш погляд, закончыцца гэты праект?
Барыс Жаліба: Ён можа закончыцца такой жа няўдачай, як гэта здарылася з праектам па выпуску пад Менскам машын “Форд”. Іншая справа, што ў беларуска-кітайскі праект былі ўкладзены вялізныя інвестыцыі. Не выключана, што будуць зніжаць кошты на аўта, прадугледжваецца купля па растэрміноўцы… Але сумнеўна, што гэта моцна вырашыць праблему. Таму перспектывы ў праекта досыць туманныя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА