Які лёс напаткае стратныя беларускія прадпрыемствы?



Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што дзяржава не адмовіцца ад фінансавання неэфектыўных прадпрыемстваў.

Савет міністраў яшчэ ў лютым прыняў праграму сваіх дзеянняў у 2015 годзе, у якой патлумачыў пра новы прынцып аказання дзяржпадтрымкі.

Улады заявілі, што паставілі перад сабой мэту павысіць “эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў, якія прадастаўляюцца арганізацыям рэальнага сектара”, піша ej.by.

Таму дзяржпадтрымку вырашана аказваць толькі “высокапрыбытковым праектам, якія арыентуюцца на выраб канкурэнтаздольнай на сусветных рынках прадукцыі”.

РР: Што стане з тымі неэфектыўнымі дзяржпрадпрыемствамі, якія ўжо даўно прызвычаіліся атрымоўваць датыцыі з дзяржаўнага бюджэту?

Леанід Злотнікаў: Па магчымасці неэфектыўным прадпрыемствам як раней давалі датацыі, так і будуць даваць. Тут для ўлады важнейшы чыннік нават не іх эфектыўнасць, а падтрыманне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве. Што азначае не даць грошай прадпрыемствам, якія закрэдытаваны і інакш жыць не могуць? Гэта значыць звольніць усіх рабочых з МТЗ ці МАЗа і спыніць заводы. Таму, пакуль у дзяржавы будуць хоць нейкія грошы, яны не адмовяць у падтрымцы. Але, паўтаруся, не з-за эканамічнай мэтазгоднасці. Як робіцца ва ўсіх краінах свету? Хто там вызначае, чым займацца прадпрыемству? Не ўрад! Там не чыноўнікі думаюць, каму даць грошы, а каму не даць. За рэсурсы павінны змагацца самі прадпрыемствы. Хто эфектыўны – той і будзе мець.

РР: Чаму тады ўлады не прадаюць гэтыя стратныя прадпрыемствы?

Леанід Злотнікаў: А хто зараз купіць? Яны ж стратныя! І галоўнае нават не гэта, бо, натуральна, ёсць замежныя кампаніі, якія скупляюць і стратныя прадпрыемствы. Ставяць іх на ногі, праводзяць рэканструкцыю і мадэрнізацыю, а затым перапрадаюць за добрыя грошы. Уклалі мільярд даляраў, а прадалі за 2-3 мільярды. І ўсе задаволены, бо кожны мае свой прыбытак і свой інтарэс. Але гэта прыватызацыя ў ідэале. А не так, што сёння ў нас прыціснула і адразу загаварылі: гэтыя заводы закрыць, тыя прыватызаваць…

РР: Атрымліваецца, што інвестары не хочуць укладваць грошы ў беларускія прадпрыемствы?

Леанід Злотнікаў: Па-першае, трэба вельмі шмат укласці. Па-другое, не толькі ўкласці, але і падпарадкавацца дзяржаўнай палітыцы. Вось, напрыклад, у Беларусі дзейнічае распараджэнне, што машынабудаўнічыя заводы камплектуючыя павінны атрымоўваць у сваіх прадпрыемстваў. Хоць, можа быць, яны і не вельмі якасныя. І што рабіць інвестару? Мадэрнізаваць МАЗ, а запчасткі браць, скажам, у Стаўбцах ці ў Салігорску. Не, натуральна. Сучасная кааперацыя ахоплівае шмат краін свету. І ізноў-такі – тады неабходна, каб дзяржава адмовілася ад сваёй палітыкі імпартазамяшчэнне, павінна быць іншая валютная палітыка. Але што гэта за палітыка, калі інвестар стане прадаваць сваю тэхніку за мяжу, а ў Беларусі будзе прадаваць абавязковыя 40 адсоткаў прыбытку. Такога ж у нармальных краінах проста не існуе! Адным словам, вельмі шмат што змяняць трэба, каб нехта зацікавіўся стратнымі беларускімі прадпрыемствамі.

РР: І што тады рабіць з гэтымі “чамаданамі без ручак”?

Леанід Злотнікаў: Няхай урад думае, калі ўжо распрацаваў такую эканамічную палітыку. А лепш было б – адкрыць вочы і паглядзець на свет.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя