Які заробак абяцаюць беларусам у 2019 годзе?
У снежні 2018 года сярэдняя зарплата ў Беларусі павінна скласці 1.074 рублі. Паводле інфармацыі БелаПАН, такая ацэнка прыводзіцца ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год.
Дынаміка даходаў насельніцтва на наступны год увязана з падвышэннем прадукцыйнасці працы. Чакаецца, што і рост рэальнай зарплаты, і рост прадукцыйнасці працы складзе ў наступным годзе 3,7%.
Мяркуецца, што ў канцы 2019 года сярэдни заробак складзе 1.134,7 рубля.
Нагадаем, у жніўні 2018 года, як сведчаць апошнія афіцыйныя статдадзеныя, сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 987,5 рубля.
Варта адзначыць, што на мінулым тыдні тэма даходаў насельніцтва падымалася падчас даклада прэм’ер-міністра Сяргея Румаса ў кіраўніка дзяржавы. „Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата ўжо пераваліць праз тысячу рублёў за кошт таго, што мы падымем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва”, — сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу Румас пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы заявіў, што па дадзеных за верасень, як чакае ўрад, сярэдні заробак у краіне выйдзе на ўзровень каля 1.000 рублёў, а ў далейшым не будзе апускацца ніжэй за гэты ўзровень.
Беларускія эканамісты адзначаюць, што ўлады сёлета праводзяць курс на падвышэнне даходаў найменш забяспечаных слаёў насельніцтва. У верасні было прынята рашэнне аб падвышэнні заробкаў бюджэтнікаў, а ў лістападзе адбудзецца трэцяе ў гэтым годзе падвышэнне пенсій.
„Узровень пенсій і заробкаў бюджэтнікаў знаходзіўся ў апошнія гады ніжэй за парогавы ўзровень, дэклараваны дзяржавай. Цяпер улады ўздымаюць даходы найменш забяспечаных катэгорый грамадзян, каб сярэдняя пенсія была не меншай за 40% ад сярэдняй зарплаты, а зарплата бюджэтнікаў — не меншай за 80%”, — канстатуе акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Што тычыцца заробкаў у рэальным сектары, то эканамісты не чакаюць хуткага яго росту ў наступным годзе.