Якія два раёны Беларусі могуць забяспечыць краіну морквай і капустай
У Берасцейскай вобласці сёлета сабралі палову аб’ёму агародніны ў краіне. Гэта 100 тысяч тон. У асноўным іх вырошчваюць фермерскія гаспадаркі, паведамляе БелТА са спасылкай на першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкама Валянціна Зайчука. Паводле яго ацэнак, морквай, якую вырошчваюць у Лунінецкім раёне, можна накарміць усю Беларусь і Маскву. Такая ж сітуацыя і з капустай са Столінскага раёна. Цяпер, каб забяспечыць Берасцейскую вобласць з лістапада па студзень агуркамі і таматамі, мадэрнізуюць цяпліцы.
Сёлета ўраджай агародніны ў Беларусі ўлады ацэньваюць як высокі. Аднак айчыннымі таматамі задаволіць попыт беларусаў у міжсезонне атрымаецца толькі на 35 працэнтаў. Як адзначае Office Life, у верасні таматы падаражэлі на 3,1% год да года, агуркі патаннелі на 9,3%, а перцы патаннелі на 19,5%.
Плануецца рэканструкцыя чыгункі ў напрамку Калінінграда
Расейская чыгунка абмяркоўвае з Беларускай чыгункай рэканструкцыю ўчастка шляхоў, па якім ідуць цягнікі ў Калінінградскую вобласць. Дакладная сума фінансавання пакуль невядомая, піша ТАСС са спасылкай на першага намесніка генеральнага дырэктара Расейскай чыгункі Сяргея Паўлава.
“Цяпер мы з нашымі беларускімі партнёрамі якраз абмяркоўваем рэканструкцыю ўчастка Беларускай чыгункі, каб развіваць сумесны калідор, па якім мы забяспечваем транспартную сувязь з Калінінградскай вобласцю”, — сказаў Паўлаў. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра ўчастак на кірунку Менск — Маладзечна. Праект тычыцца пасажырскіх і грузавых перавозак, сума фінансавання і дакладны кіламетраж пакуль абмяркоўваюцца. Яшчэ раней бакі стварылі працоўную групу для прасоўвання сумесных транспартна-лагістычных праектаў, піша “Наша Ніва”.
Заключаны новыя кантракты на пастаўкі торфу ў Кітай
Беларусь працягвае экспарт торфу ў Кітай. Як паведамілі ў Мінэнерга, новыя кантракты былі заключаны ў рамках Кітайскай міжнароднай выставы імпарту. Першыя кантэйнеры з беларускім торфам па новых кантрактах плануецца адправіць кітайскім спажыўцам да канца года.
Актыўныя пастаўкі торфу з Беларусі ў КНР ідуць як мінімум з 2022 года. У верасні мінулага года ў Кітай быў нават адпраўлены цэлы цягнік з торфам “у гонар 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі”. Як піша reform.by, летам арганізацыя “Віцебскаблгаз” у 62 кантэйнерах адгрузіла 1300 тон тарфяной прадукцыі.
Якія праблемы са здароўем часцей за ўсё ўзнікаюць у прадпрымальнікаў
У прадпрымальнікаў у два разы часцей, чым у іншых, на працягу жыцця выяўляюць дэпрэсію. Пры гэтым у тры разы часцей яны пакутуюць біпалярным расстройствам, піша Office Life.
Гэта звязана з тым, што прадпрымальнікі пераадольваюць вялікі ціск, каб пабудаваць паспяховы бізнес. А стан зацяжнога стрэсу можа ўплываць на псіхічнае здароўе. Таксама для бізнесменаў характэрны сардэчна-сасудзістыя захворванні, дакучлівыя думкі і бяссонніца. Таксама стрэс можа прывесці да развіцця анеміі.
Беларускае Радыё Рацыя