Якія пагрозы нясе зніжэнне валютнага прыбытку?



“Зараз асноўныя спадзяванні беларускіх уладаў – на знешнія крэдыты”, – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Велічыня валютнага прыбытку ў бягучым годзе знізілася да мінімальнага з 2011 года ўзроўню, паведамілі naviny.by.

Толькі за студзень-люты валютны прыбытак Беларусі знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 1,65 млрд. даляраў, альбо на чвэрць. Якія пагрозы існуюць для беларускай эканомікі пры такім зніжэнні?

Леў Марголін: Пагрозы вельмі вялікія, бо ў Беларусі шмат крэдытаў у замежнай валюце – і дзяржаўных, і тых, што гарантаваныя дзяржавай. Іх трэба абслугоўваць і вяртаць, а для ўсяго гэтага неабходна валюта, атрымоўваць якую ёсць некалькі спосабаў: экспарт, інвестыцыі альбо крэдыт. Асаблівых інвестыцый пакуль не назіраецца, таму вялікія спадзяванні ўскладаліся на экспарт. У тым ліку на тое, што Расея ў гэтым годзе ўпершыню адмовілася забіраць экспартную мыту на нафтапрадукты, якія Беларусь экспартуе з расейскай нафты. Але здарылася тое, што кошты на нафту абрынуліся, і гэтая спадзяванка не здзейснілася. І, калі раней Беларусь разлічвала прыкладна на 3 мільярды прыбытку, то па факту можа атрымацца амаль у 2 разы менш. Акрамя таго, валютныя паступленні знізіліся з-за змяншэння экспарту ў Расею. Расейскі рынак скараціўся, на ім стала больш жорсткая канкурэнцыя.

РР: Дзе зараз шукаць кампенсацыю стратаў у валюце?

Леў Марголін: Часовы выхад – недзе пазычыць грошы, як гэта было ў 2009 годзе, калі адбыўся сусветны крызіс. Тады перацярпелі, узялі знешнія пазыкі, і сітуацыя палепшылася. Але зараз такой магчымасці няма. Расея не вельмі спяшаецца з крэдытам, хоць, калі паўстане пытанне аб дэфолце, думаю, грошы дадуць. Мы бачым, што ўрад выступіў з прапановай наконт рэфармавання эканомікі (і гэта неблагая прапанова), але ведаем і тое, што такія намеры ўрада нярэдка разбіваюцца аб непахіснасць вярхоўнай улады. Што будзе зараз? Сказаць цяжка. Хоць не так і складана стварыць умовы для інвестараў, тым больш, што геапалітычная сітуацыя ў некаторым выглядзе нам спрыяе. Тая ж Украіна зараз не самая прывабная ў плане інвестыцый. Але ці здолеем мы скарыстацца сітуацыяй?

РР: Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Міжнародны валютны фонд можа прадаставіць крэдыт Беларусі. Ёсць такі шанц?

Леў Марголін: Найперш трэба сказаць, што МВФ дае праграмнае фінансаванне. Гэта значыць, што павінна быць прынята нейкая праграма, і яе трэба будзе выконваць. А грошы даюцца паступова, часткамі. Таму як можна казаць пра новы крэдыт, калі яшчэ некаторыя ўмовы па старому крэдыту МВФ не выкананы? Фонд патрабуе рэфармавання эканомікі, таму ўсё ізноў-такі будзе ўпірацца ў жаданне ўладаў пайсці на рэформы. Ды і не зможа МВФ хутка даць грошы – на гэта трэба час.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота america24.com