Якія плюсы і мінусы для Беларусі ад Еўразійскага эканамічнага саюза?



Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна ратыфікавалі Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Эканаміст Леанід Заіка распавядае, што пасля гэтага атрымае Беларусь, а чаго не далічыцца.

Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза быў падпісаны прэзідэнтамі Расеі, Казахстана і Беларусі 29 мая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане. Прадугледжана, што новы саюз пачне функцыянаваць 1 студзеня 2015 года.

Леанід Заіка: Пачну з плюсаў. Беларусь, як малая адкрытая краіна, павінна быць у інтаграцыйнай эканоміцы. Гэта непазбежнасць, таму, як кажуць, чым раней тым лепш. Выбар тут просты – Еўрасаюз альбо расейская прастора. Станоўчы момант ад ЕАЭС – гэта і доступ да таннай сыравіны. Да таго ж, можна зарабляць на вялікім рынку, дзе канкурэнцыя будзе абмежавана на карысць беларусаў. Акрамя таго, адбудзецца свабодны рух рабочай сілы і можна будзе прасцей паехаць, каб уладкавацца на працу ў той жа Расеі . І ў Беларусі стане больш расейскага капіталу.

РР: А калі казаць аб мінусах?

Леанід Заіка: Яны відавочныя. Першае. У Беларусі пануе сіндром утрыманцаў, бо ўлада па-ранейшаму хоча атрымоўваць танную нафту, перапрацоўваць яе і прадаваць на Захад. Другое. Наша краіна пакуль не пралічвала наступствы вялікага рынку, у які яна ўваходзіць. Ці вытрымаюць канкурэнцыю? Практыка паказвае, што працэнтаў 10-15 уласных вытворчаў вымушаны будуць абанкроціцца ў канкурэнцыі з больш буйнымі (у асноўным – расейскімі) прадпрыемствамі. Гэта непазбежна і будзе прымушаць да рэструктурызацыі, паўстане пытанне беспрацоўя. І трэцяе. У гэтай інтэграцыі не прагледжваецца нейкая палітычная перспектыва, таму што ўсе тры лідары Расеі, Беларусі і Казахстана – пенсіянеры. Аб будучыні ж таксама неабходна думаць. Таму, як кажуць, палка аб двух канцах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя