Якія прадукты больш за ўсё падаражэлі ў 2018-ым?
У студзені–лістападзе 2018 года больш за ўсё падаражэлі белакачанная капуста (на 72,40%), проса (на 49,69%) і буракі (на 39,85%), сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У першую пяцёрку ўвайшлі таксама рэпчатая цыбуля (+34,08%) і морква (+32,44%).
Пры гэтым у лістападзе кошт капусты павялічыўся на 18,63%, проса — на 7,73%, цыбулі — на 6,49%, буракоў — на 5,08%, морквы — на 4,80%.
Прыкметней за ўсё ў студзені–лістападзе цэны знізіліся на яблыкі (-36,78%), памідоры (-30,45%), бананы (-27,36%), агуркі (-26,34%), часнык (-24,47%) і грэцкія крупы (-19,98%). У той жа час у лістападзе агуркі падаражэлі на 44,26%, памідоры — на 12,38%, яблыкі — на 8,67%, бананы — на 4,76%.
У цэлым спажывецкія цэны за студзень–лістапад гэтага года павялічыліся на 4,82% (у лістападзе — на 0,56%). Харчаванне (уключаючы алкаголь, безалкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы) падаражэла на 4,45% (1,24%), нехарчовыя тавары — на 3,91% (0,02%). Тарыфы на платныя паслугі павялічыліся на 6,83% (у лістападзе знізіліся на 0,04%).
Фота: nevadm.ru