Якія вынікі працы рабочай групы па прадпрымальніцтве?



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук разважае пра тое, наколькі эфектыўна дзяржаўныя органы дапамагаюць вырашаць праблемы прадпрымальнікаў.

Вячаслаў Піліпук

Напрыканцы мінулага года лідар “Перспектывы” Анатоль Шумчанка заявіў, што рабочая група па прадпрымальніцтве, якая створана пры Міністэрстве эканомікі – гэта “суцэльная бутафорыя, якая не прыводзіць да практычных вынікаў”. Але, магчыма, нейкія вынікі працы ўсё-такі ёсць?

Вячаслаў Піліпук: Рабочая група, як вядома, была створаная на базе Мінэканомікі каля года таму, у яе ўвайшлі  прадстаўнікі прадпрымальнікаў, некаторых грамадскіх арганізацый і дзяржаўных органаў. На пасяджэннях, безумоўна, абмяркоўваюцца нейкія праблемы прадпрымальнікаў, што датычыцца суправаджальных дакументаў для ІП-эшнікаў, плацёжных тэрміналаў… Вынесены на абмеркаванне і праект указа, які мы абмяркоўвалі на апошнім форуме.

РР: Абмеркаванне – гэта добра, але практычныя вынікі ці ёсць?

Вячаслаў Піліпук: Па плацёжных тэрміналах, здаецца, маюцца некаторыя зрухі. Але зараз, на жаль, некаторыя сябры рабочай групы наогул не ходзяць на пасяджэнні. Тое, што праблемы каля году разглядаюцца, але не вырашаюцца, падрываюць веру, а таму асабліва выніковай дзейнасць ініцыятывы назваць, безумоўна, нельга. Але, на маю думку, не варта адмаўляцца ад таго, што ёсць. Маецца хоць нейкая пляцоўка, каб даносіць да чыноўнікаў праблемы, якія маюцца ў прадпрымальнікаў. Праўда, хацелася б, каб і эфектыўнасць працы была большая.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя