Якое ў Беларусі рэальнае беспрацоўе?
Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч патлумачыў, чаму неафіцыйная статыстыка па беспрацоўі ў разы большая за афіцыйную.
Беспрацоўе ў Беларусі складае не менш 7-8 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва, хаця афіцыйная статыстыка кажа ўсяго пра 1,5% беспрацоўных. Колькасць адпраўленых на вуліцу працоўных вымяраецца тысячамі, пры гэтым толькі 1,3% з іх агульнай колькасці звольненыя па скарачэнні штата, а ўсе астатнія – па заканчэнні працоўных кантрактаў. Такія лічбы прыведзены ў заяве Савета Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
Генадзь Фядыніч: Афіцыйная статыстыка не ўлічвае так званага прыхаванага беспрацоўя, яго ў афіцыйных звестках нібы і зусім няма. А гэта зусім не малы адсотак. Таму і атрымліваецца, што лічбы ў выніку атрымліваюцца скажонымі. Акрамя таго, шэраг людзей, якія не працуюць, не становяцца на ўлік на біржу працы, а менавіта адтуль і ідзе афіцыйны падлік непрацуючых. Тых, не стаіць на біржы, таксама дастаткова шмат, але і іх не лічаць беспрацоўнымі. Вось гэтыя два асноўныя крытэры і фарміруюць афіцыйную і неафіцыйную статыстыку па беспрацоўі.
РР: Ці будзе расці беспрацоўе і ў наступным годзе?
Генадзь Фядыніч: Безумоўна, бо паглядзіце што робіцца на беларускіх прадпрыемствах на прыкладзе таго ж МАЗа. Працоўныя месцы хаця з большага і захоўваюцца, але рэалізацыі прадукцыі няма. І што тады рабіць з працоўнымі? Безумоўна, будзе скарачэнне. Такая сітуацыя шмат на якіх прадпрыемствах. Дзяржава не падрыхтавалася да такой крызіснай сітуацыі, думалі, што ўвесь час будуць “выязджаць” на расейскай нафце. Але, як паказала жыццё, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. І за гэтае жыццё на халяву зараз даводзіцца плаціць. А церпяць у першую чаргу простыя людзі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя