Яшчэ адна рабочая далучылася да страйку „Беларуськалія”
Як паведамляе страйкам «Беларуськаліяя», увечары 24 лістапада да іх далучылася Маргарыта Осіпава з Бярозаўскага рудніка. Яна цалкам падтрымала патрабаванні страйкама.
Апрача яе, пачаў страйкаваць брыгадзір з 3-га рудаўпраўлення Сяргей Журневіч. Папярэдняй ноччу да страйку далучыўся Аляксандар Клязовіч, машыніст горных машын рудніка 4-га рудаўпраўлення «Беларуськалія», які адмовіўся падымацца на паверхню і быў падняты туды сілай.
Раней некалькі шахцёраў «Беларуськалію» абвяшчалі страйк і адмаўляліся выходзіць з забою, усіх іх даставалі на паверхню брыгады ратавальнікаў. Адміністрацыя прадпрыемства 20 лістапада звольніла 49 страйкоўцаў.
Паводле тэлеграм-канала страйкоўцаў «Беларуськалію», у страйку ўдзельнічаюць каля 90 чалавек. Агулам жа на прадпрыемстве занятыя больш за 16 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя