Яснасці па цане расейскага газу пакуль няма



Міністэрства энергетыкі Беларусі разлічвае на яснасць па цане расейскага газу да канца 2019 года, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

„Перагаворы сёння прадаўжаюцца, думаю, да канца года будзе яснасць і па цане, і па ўсіх іншых справах”, – сказаў Міхаіл Міхадзюк.

Паводле яго слоў, перагаворы вядуцца з „расейскімі адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі”. „Ідуць кансультацыі, перагаворы ў рамках тых дамоўленасцей, якія былі вызначаны на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў”, – удакладніў намеснік міністра.

„Вы ведаеце нашы падыходы – стварыць роўныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадарання”, – падкрэсліў Міхаіл Міхадзюк.

Як паведамлялася БЕЛТА, з Расеяй ужо доўгі час абмяркоўваецца цана на газ, які пастаўляецца ў Беларусь з 2020 года. Згодна з раней дасягнутымі дамоўленасцямі бакі павінны былі ўзгадніць цану расейскага газу для Беларусі ў 2020-2024 гадах да 1 ліпеня 2019 года.

Цана на газ для Беларусі ў 2019 годзе з’яўляецца фіксаванай і складае $127 за 1 тыс. куб. м на граніцы. У праекце рэспубліканскага бюджэту на 2020 год гэты параметр закладзены на ўзроўні бягучага года.

belta.by