Юрый Алейнік: Мы просім не грошай, а разумення



Юрый Алейнік – дырэктар гульнявой прасторы Quvalda – распавёў пра цяжкія часы для бізнеса.

Кампанія Юрыя Алейніка ўжо чатыры гады арандуе плошчы на тэрыторыі менскага завода “Гарызонт”. Зараз, калі людзі перасталі хадзіць у забаўляльныя цэнтры, тыя прадпрымальнікі, якія арандуюць плошчы на гэтай тэрыторыі, аказаліся закладнікамі сітуацыі.

Прыбытку няма, а за арэнду патрэбна плаціць вялізныя грошы. Ужо больш за два месяцы прадстаўнікі бізнеса спрабуюць дамагчыся хоць якіх-небудзь саступак з боку арэндадаўцы – “Гарызонт-Белінвест-Дэвелопер”.

Юрый Алейнік: Мы просім не грошай, а разумення той сітуацыі, у якой усе апынуліся. Просім альбо зніжэння арэнднай стаўкі, альбо адтэрміноўкі ці растэрміноўкі плацяжоў, арэндных канікул.

Пагадзіліся б на любыя варыянты, тым больш, што большасць беларускіх арэндадаўцаў пайшлі на саступкі сваім партнёрам-арандатарам.

Пачынаючы з 9 сакавіка гэтага году мы звярталіся з індывідуальнымі і калектыўнымі зваротамі ў самыя розныя інстанцыі, але адусюль быў прыкладна адзін і той жа адказ: маўляў, рашэнне дадзенага пытання знаходзіцца ў руках галоўнага акцыянера арэндадаўца – ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт». А адтуль – цішыня.

РР: Вядома, што за гэты час было нават ініцыявана стварэнне Саюза арандатараў плошчаў у карпусах заводу «Гарызонт»…

Юрый Алейнік: Так, і ў гэты саюз ужо маюць намер уступіць 42 арандатары, якія агулам арандуюць кадя 9 тысяч квадратных метраў.

Усе прытрымліваюцца адзінай пазіцыі: намі былі прадастаўлены арэндадаўцу даведкі аб падзенні прыбытку ў сярэднім на 90-95%, а таму вось ужо два месяцы няма магчымасці аплочваць арэндную плату.

На 27 траўня прызначана сустрэча з генеральным дырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу« Гарызонт» Юрыем Прадко. Хочацца верыць, што размова дасць пэўны плён, і ўжо на гэтым тыдні ўдасца нейкім чынам вырашыць хвалюючае для нас пытанне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота quvalda.tam.by