Юрый Чавусаў: Улада шукае эканамічных і палітычных заступнікаў на заходнім фронце



Палітолаг Юрый Чавусаў каментуе вынікі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў і прагназуе, якім можа быць рэакцыя Крамля на гэты візіт

Юрый Чавусаў: Ва ўмовах крызіса відавочна, што паўнавартасны эканамічны саюз ЕЎРАЗЭС у запланаваным выглядзе 1 студзеня запусціць не ўдасца. Суадносна Менску трэба шукаць хаўруснікаў дзеля таго, каб мець моцныя пазіцыі і дэвальваваць той Еўразійскі саюз, пад якім Беларусь падпісалася. Трэба шукаць не толькі эканамічных, але і палітычных заступнікаў на заходнім фронце. Мне падаецца, што беларуская ўлада шукае ў асобе прэзідэнта Пятра Парашэнкі новага лабіста на заходнім накірунку ў пытанні эканамічнага паратунку ва ўмовах крызіса. Украінскі кіраўнік зараз вельмі шчыльна камунікуе з заходнімі краінамі і ЗША, і Беларусь можа быць прадастаўлена ў якасці краіны, якая дапамагае Украіне. Гэта, безумоўна, можа паспрыяць атрыманню заходняй эканамічнай дапамогі (у першую чаргу – крэдытаў) для стабілізацыі нацыянальнай эканомікі. Для беларускай улады гэта магло стаць важкай нагодай для таго, каб ехаць у Кіеў, сутракацца з новай рэвалюцыйнай уладай і казаць пра тое, што яна падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

РР: Але не менш важкі чыннік, напэўна, – і эканамічныя стасункі паміж двумя краінамі?

 Юрый Чавусаў: Безумоўна, але, на мой погляд, гэта не тая нагода, якая патрабуе афіцыйнага візіта і палітычных перамоваў.

РР: Масква можа быць незадаволеная такім візітам. Ці могуць быць нейкія наступствы для Беларусі з боку Расеі?

 Юрый Чавусаў: Тут не трэба казаць ацэначна – задаволена Масква ці не. Тая сітуацыя, якая зараз ёсць у Расейскай Федэрацыі, – гэта аб’ектыўна эканамічны канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй. У такіх умовах Расея не мае права ўмешвацца ў стасункі беларускага боку з Украінай. Тым больш – эканамічныя. Кожная краіна ў сітуцыі крызіса сама шукае паратунак. Не думаю, што беларуска-украінскія дамоўленасці, якія былі дасягнуты падчас візіту Лукашэнкі ў Кіеў, гэта доўгатэрміновая дапамога для Беларусі. І адпаведна для Расеі гэта наўрад ці стане істотным раздражняльнікам. Таму не трэба казаць: “Пуцін разлуецца ці наадварот”. У сёняшняй сітуацыі гэта непрадуктыўна і няправільна. Я б хутчэй сказаў так: візіт афіцыйнага лідара Беларусі ва Украіну і дамоўленасці з яе прэзідэнтам Расея запомніць, але пакладзе на паліцу. Таму не думаю, што візіт моцна пагоршыць беларуска-расейскія стасункі. Мы ж памятаем, што ў свой час Беларусь не прызнала Паўднёвую Асецію і Абхазію. І нічога – Крэмль перажыў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя