З 1-га снежня Беларусь можа аднавіць пастаўкі свініны ў Расею



Як распавёў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін, 11 лістапада расейскі і беларускі бакі абмеркавалі сітуацыю з забаронай паставак беларускай прадукцыі з-за генома афрыканскай чумы свіней, што быў знойдзены ў вырабах шэрагу мясакамбінатаў Беларусі.

– Цяпер яшчэ раз будзе праведзены маніторынг сітуацыі, і будзе складзены агульны дакумент, дзе ўсе нюансы будуць улічаныя і, калі ўсё будзе нармальна, то ўжо з 1-га снежня шматлікія прадпрыемствы будуць пастаўляць свініну ў Расею. 

Паводле Васіля Седзіна, забарона можа быць знятая таксама і з чатырох прадпрыемстваў, у прадукцыі якіх быў знойдзены геном АЧС. Гэта – Аршанскі, Бабруйскі, Магілёўскі і Менскі мясакамбінаты.

Часовая забарона на пастаўкі беларускай прадукцыі са свініны была ўведзеная 31 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя