З 1 лістапада перастане дзейнічаць сезонная зніжка для пенсіянераў
Беларускія пенсіянеры цягам паўгода маглі карыстацца сезоннай зніжкай на праезд у электрычках і прыгарадных аўтобусах, але з наступнага месяца яе дзеянне адмяняецца.
Зніжка 50% ад кошту праезду ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа, а таксама ў аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін устанаўліваецца для грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, штогод з 1 мая па 31 кастрычніка.
У асноўным гэтай ільготай карыстаюцца дачнікі, якія ездзяць на свае ўчасткі за горадам для правядзення сельскагаспадарчых работ. Каб атрымаць зніжку на праезд, трэба паказаць кіроўцу або ў касе на чыгуначнай станцыі арыгінал пенсійнага пасведчання.
Упершыню падобны прывілей для пенсіянераў стаў дзейнічаць у 2011 годзе. Раней гэтая льгота дзейнічала да канца верасня, аднак з 2020 года яе было вырашана падоўжыць да канца кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя