З 1 снежня ў Беларусі ўведзены новы ўчастак платных аўтамабільных дарог



1 снежня 2019 года ў межах рэалізацыі доўгатэрміновай праграмы ўрада па пашырэнні сеткі платных дарог у Беларусі іх працягласць павялічаная за кошт далучэння новага ўчастка.

Як паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый, новы этап пашырэння сеткі платных дарог прадугледжвае ўключэнне ў сістэму BelToll „апошняга ўчастка аўтамабільнай дарогі М-6/Е 28 Менск — Гародня — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі) км 133,338 — км 196,424 пасля завяршэння яе рэканструкцыі”.

Агульная працягласць сеткі платных дарог у Беларусі цяпер складае 1.786 кіламетраў.

Камерцыйная эксплуатацыя сістэмы электроннага збору платы за праезд па платных дарогах BelToll была пачатая 1 жніўня 2013 года, і з таго часу працягласць платных дарог паслядоўна павялічваецца. Сістэма грунтуецца на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях. Гэта тэхналогія дазваляе карыстальнікам дарогі аплачваць праезд без прыпынення транспартных сродкаў у пунктах збору платы.

Выкарыстанне сістэмы абавязковае для ўсяго транспарту цяжэйшага за 3,5 тоны, а таксама для транспарту не з ЕАЭС, чыя вага меншая за 3,5 тоны.

belapan.by