З 1 жніўня падвысяцца працоўныя пенсіі



Працоўныя пенсіі ў Беларусі падвысяцца 1 жніўня. Такое рашэнне прыняў 22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.

Прадугледжваецца пераразлік працоўных пенсій і іх падвышэнне ў сярэднім на 6,6% за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У сярэднім пенсіі ўзрастуць з 405,05 рубля ў ліпені да 431,8 рубля ў жніўні. Сярэдні памер пенсій па ўзросце складзе 446,1 рубля.

Пераразлік будзе рабіцца зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, павялічанай на 7%.

Як паведамлялася, у маі 2019 года ў параўнанні з красавіком рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) вырас на 5,8%, за 12 месяцаў — на 15,2%, сведчаць дадзеныя Белстата.

1 мая працоўныя пенсіі былі павышаныя на 6,5% на падставе ўказа прэзідэнта ад 23 красавіка. Пераразлік працоўных пенсій зроблены ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў. Пасля прыняцця ўказа сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў маі ў параўнанні з красавіком вырас на 24,9 рубля і склаў 418,4 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў маі 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 540,6 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 405,1 рубля (на 23,3 рубля больш, чым у красавіку), што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і дасягнула 37,8% сярэдняй зарплаты.

Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 366,8 рубля (на 18,7 рубля больш), у сувязі са стратай карміцеля — 275 рублёў (на 12,5 рубля больш), сацыяльнай пенсіі — 207,8 (на 6,6 рубля больш).

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту, даручыў падрыхтаваць рашэнне аб сёлетнім павышэнні пенсій. Ён нагадаў, што ў 2018-м пенсія павышалася двойчы. „Яе рост павінен быць і ў гэтым годзе. Даручаю ўраду, не адкладваючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў. Сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50%, але не ніжэй за 40%, як гэта прынята ва ўсім свеце”, — сказаў афіцыйныя лідар.

Пры гэтым ён зазначыў, што пенсіянеры часам ідуць на пенсію „ў добрым здароўі з актыўнай творчай працы”. „Трэба даць ім магчымасць працаваць. Няхай працуюць. Таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя. Чалавек да 75 гадоў і нават 80 у здаровым розуме і можа нядрэнна працаваць. Трэба стварыць ім умовы, і менш будзе скаргаў”, — лічыць Лукашэнка.

1 жніўня 2018 года працоўныя пенсіі былі павышаныя на 10%, 1 лістапада — на 5,3%.

belapan.by

Фота belmarket.by