З Беларусі зняты абавязак пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў на год
З Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў на год, паведамілі 4 красавіка ў эфіры праграмы навінаў тэлеканала „Беларусь 1„.
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці перамоў кіраўнікоў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Так, паводле інфармацыі тэлеканала, пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь адновяць у ранейшых аб’ёмах не пазней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненне аб нафце будзе дзейнічаць да 2024 года ўключна. Акрамя таго, з Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў на год. У асноўным гэта быў высокаактанавы бензін, і для Беларусі продаж па нізкай цане якаснага прадукту быў стратны. Для краіны адмена такіх паставак дазволіць зарабляць дадаткова 150 млн долараў на год.
Як растлумачыў у інтэрв’ю тэлеканалу намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, „будуць адноўленыя пастаўкі нафты ў Рэспубліку Беларусь у тых аб’ёмах, якія прапісаныя дзейным пагадненнем, гэта значыць 24 млн тон на год”. Паводле яго слоў, „такія аб’ёмы пастаўляцца будуць з гэтага года і да 2024 года ўключна”. Пры гэтым, паведаміў Сямашка, да 2019 года ўключна з 24 млн тон нафты 18 млн будуць адпраўляцца на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі. „Гэта можна прыняць, будзем выходзіць на выгаду. Ну а 6 млн тон будуць „ператамажывацца” — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай „ператаможкі” будуць паступаць у бюджэт Рэспублікі Беларусь”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Са спасылкай на неназваных экспертаў тэлеканал удакладніў, што агульны эканамічны эфект ад дасягнутых дамоўленасцяў па нафце і газу ў найбліжэйшыя тры гады складзе прыкладна 2 млрд долараў.
Як раней паведамлялася, 3 красавіка Пуцін паводле вынікаў перамоў з Лукашэнкам заявіў, што Расія і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы.
Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч растлумачыў журналістам, што Беларусь верне недаплачаную суму за газ, а Расея адновіць пастаўкі нафты ў ранейшым аб’ёме. „Аднаўленне паставак нафты пачнецца ўжо больш-менш сінхронна з выплатай недаплачанай сумы ў 726 млн долараў, больш за 720 млн, давайце так. Гэта дазволіць нашым беларускім партнёрам атрымаць пэўныя выгады”, — сказаў Дварковіч.
Ён таксама заявіў, што пастаўкі нафты могуць пачацца ўжо ў красавіку. „Пастаўкі нафты пачнуцца ў максімальна кароткія тэрміны, магчыма, гэта ўжо і ў красавіку адбудзецца, у залежнасці ад тэхнічных магчымасцяў кампаній змяніць графікі паставак”, — сказаў намеснік кіраўніка расійскага ўрада.
У 2016 годзе рэалізацыя беларускіх нафтапрадуктаў у Расею склала 268,2 тыс. тон і знізілася ў параўнанні з узроўнем 2015 года больш як утрая. Першапачаткова меркавалася, што Беларусь паставіць ў 2016 годзе Расіі 1 млн тон бензіну, аднак беларускі ўрад у пачатку мінулага года заявіў, што цэнавыя ўмовы паставак паліва на расійскі рынак Беларусі нявыгадныя.
Расія звязвала пастаўкі нафты ў Беларусь з наступным продажам часткі беларускіх нафтапрадуктаў на расійскі рынак.
belapan.by