З Беларуссю можа здарыцца «суверэнны дэфолт»
Да пандэміі прагноз росту беларускай эканомікі ў 2020 годзе быў «нулявым», зараз жа ўсе фактары эканамічнай дынамікі тармозяць ВУП, невялікую актыўнасць дае толькі адсутнасць каранціну.
Вялікі ўплыў на беларускую эканоміку таксама чакаецца ад працэсаў у сусветнай гаспадарцы, сказаў падчас zoom-канферэнцыі, арганізаванай у межах праекта «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах», эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.
– Сёння можа абмяркоўвацца надзвычай вялікая вілка таго, што мы можам атрымаць у дваццатым годзе. З пункту гледжання спаду ВУП, у залежнасці ад таго які будзе шок глабальнай эканомікі і як будуць праходзіць аднаўленне, гэтыя лічбы вар’ююцца ад 3.5%. Гэта самае лепшае пра што можна казаць сёння, у тым ліку пры добрай эканамічнай палітыцы ўнутры краіны. Горшы сцэнар, ён у асноўным звязаны з неадэкватнымі мерамі палітыкі і з дрэннымі перадумовамі глабальнай эканомікі, – гэта маштабна зацяжны спад ВУП, які суправаджаецца фінансавымі катаклізмамі.
У выніку, калі Беларусь пойдзе па найгоршым шляху, то, як падкрэслівае Дзмітрый Крук, яна даволі хутка дойдзе да сітуацыі суверэннага дэфолту – банкруцтва дзяржавы.
Праект «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах» ажыццяўляецца сумесна Цэнтрам эканамічных даследаванняў BEROC і Прэс-клубам.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zautra.by