З бюджэту вылучылі дадатковыя грошы на заробкі медыкаў



На заробкі ў сістэме аховы здароўя з бюджэту Беларусі вылучылі дадатковыя 10,5 мільёнаў рублёў. Як піша “Зеркало”, у краіне ў медыцынскай сферы працуе амаль 47,5 тысяч лекараў-спецыялістаў, больш за 112 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Таму калі вылучаную з бюджэту суму падзяліць на ўсіх гэтых работнікаў, то ў сярэднім на кожнага выходзіць па 65 рублёў. Пры гэтым чыноўнікі сцвярджаюць, што сярэдні заробак лекараў у Беларусі і так у паўтара разу вышэйшы за сярэдні па краіне.

Урад прагназуе, што ў наступным годзе ў цэлым рэальны заробак павінен вырасці на 3,9 працэнта да гэтага года. Сярэдні заробак па краіне мае скласці 2087 рублёў да выплаты падаткаў, у бюджэтнікаў – 1634 рублі.

Якія прафесіі рызыкуюць знікнуць праз некаторы час. Топ-5

Штучны інтэлект можа пазбавіць усіх працы, заявіў у нядаўнім інтэрв’ю генеральны дырэктар Tesla і ўладальнік SpaceX Ілон Маск. Складана цалкам пагадзіцца са словамі мільярдэра. Аднак ужо зараз бачна, што аўтаматызацыя і развіццё штучнага інтэлекту выцясняюць людзей у некаторых сферах. Журналісты сабралі топ-5 прафесій пад пагрозай.

Сярод прафесій, якія рызыкуюць знікнуць у хуткім часе, часта называюць аператараў кол-цэнтраў і агентаў службы падтрымкі. Ужо зараз нярэдка жывых людзей на лініі замяняюць віртуальнымі кансультантамі і чат-ботамі. Далей – касіры, месца якіх займаюць аўтаматычныя касы, і прыбіральшчыкі, праца якіх становіцца ўсё больш аўтаматызаванай. Пад пагрозай і турыстычны агент, бо людзі пачынаюць актыўна карыстацца турыстычнымі каталогамі і сэрвісамі. І замыкае пяцёрку афіцыянт. Кавярні і рэстараны ўсё часцей укараняюць новыя формы абслугоўвання кліентаў. (news.zerkalo.io)

Менскі трактарны завод прапануе грошы за новых работнікаў

Менскі трактарны завод у сваім тэлеграм-канале размясціў прапанову, адрасаваную работнікам. Ім абяцаюць заплаціць 500 рублёў, калі яны прывядуць на прадпрыемства новых супрацоўнікаў. “Менскі трактарны завод уводзіць у дзеянне часовае становішча, якое прадугледжвае заахвочванне за спрыянне ў працаўладкаванні”, — цытуе Reform.by паведамленне завода. Прапанова будзе дзейнічаць з 1 снежня. Яна датычыць шэрагу спецыяльнасцей, такіх як кіроўца-выпрабавальнік, каваль-штампоўшчык, наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў, слесар-інструментальшчык.

Колькасць занятых у беларускай эканоміцы стабільна зніжаецца цягам апошніх трох гадоў. У апытаннях кіраўнікоў малога і сярэдняга бізнесу ў апошнія месяцы на першае месца сярод бар’ераў, якія перашкаджаюць развіццю, выйшла няхватка рабочай сілы.

У ЗША вырашылі прымусіць вытворцу Pepsi адказваць за пластык

Пазоў супраць кампаніі PepsiCo можа спарадзіць сур’ёзны прэцэдэнт – у выпадку поспеху ў прававым полі ЗША можа замацавацца адказнасць найбуйнейшых амерыканскіх вытворцаў пластыку за захаванне навакольнага асяроддзя, што дазволіць прэтэндаваць на кампенсацыі нанесенай шкоды.

Як паведамляецца, генпракурор Ню-Ёрка Летыцыя Джэймс накіравала ў Вярхоўны суд штата пазоў супраць кампаніі PepsiCo, спрабуючы прыцягнуць гіганта харчовай прамысловасці да адказнасці за смецце, якое трапляе ў вадаёмы, якія забяспечваюць пітной вадой другі па колькасці насельніцтва горад рэгіёну – Буфала. У пазове Pepsi абвінавачваюць у забруджванні навакольнага асяроддзя шляхам вытворчасці велізарнай колькасці пластыкавых бутэлек і абгортак, частка з якіх трапляюць у раку, наносячы шкоду навакольнаму асяроддзю. (myfin.by)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pexels.com.