З кастрычніка беларускія мужчыны могуць застацца без пенсійных грошай
У Беларусі з 1 кастрычніка стартуе так званая „рэформа” па назапашвальнай пенсіі. Калі сцісла, то працаўнікі змогуць адлічваць да 10% сваёй зарплаты на другую пенсію, да гэтага будзе абавязаны падлучыцца наймальнік. Аднак назапашаныя грошы можна будзе атрымаць толькі пасля выхаду на пенсію. Выключэнне – інваліднасць або смерць, піша zerkalo.
Аформіць страхоўку на другую пенсію можна будзе з 1 кастрычніка праз страхавую кампанію „Стравіта”. Мінпрацы і гэтая страхавая кампанія правялі прамую лінію па добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі. Выплачваецца (другая пенсія. спадчыннікам. Назапашванні па страхаванні дадатковай пенсіі ўспадкоўваюцца па законе. Акрамя гэтага, можна аформіць завяшчанне з указаннем, хто мае права атрымаць сродкі пасля смерці, – растлумачыла намеснік гендырэктара „Стравіта” Алена Тулейка.
Працягласць жыцця жанчын у Беларусі складае каля 78 гадоў, а мужчын – 64 гады. Пры гэтым назапашаныя сродкі на другую пенсію можна будзе атрымаць на свой выбар на працягу 5 або 10 гадоў. Але зрабіць гэта можна будзе толькі пасля дасягнення агульнаўсталяванага пенсійнага ўзросту. На сёння гэта 63 гады для мужчын, а для жанчын – 58 гадоў. Гэта значыць, сярэднестатыстычны мужчына можа не паспець атрымаць пры жыцці ўсе назапашаныя сродкі.