З ліпеня наступнага года будзе ўведзены падатак для інтэрнэт-гандлю
У Беларусі з ліпеня 2022 года будзе ўведзены ПДВ для інтэрнэт-гандлю. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты. Гаворка аб электронных пляцоўках, якія дэ-факта маюць у Беларусі толькі пункты выдачы, а адпаведна, не плацяць падаткі, піша Onliner.by
«Унутры падатковай сістэмы будуць трансфармацыі. Гэта ўвядзенне з ліпеня падатку на дададзеную вартасць для інтэрнэт-гандлю, для электронных пляцовак, якія мелі прадстаўніцтва ў Беларусі да нядаўняга часу, але цяпер уцяклі, пакінулі толькі пункты выдачы тавараў, перасталі плаціць абсалютна падаткі. І цяпер, спрабуючы прыкрывацца ў тым ліку заступнікамі ў Расеі, кажуць: мы ПДВ у Беларусі плаціць не будзем. Мы ім кажам: добра, прынясіце тады заключэнне, што вы заплацілі гэты падатак у Расеі. Заключэнне таксама не прыносяць.
Таму ў рамках Еўразійскага звязу гэтая тэма будзе падымацца. Сегмент інтэрнэт-гандлю стаў занадта значным. Гэта ўжо 6% у агульным абароце, гэта нямала. Дазволіць яму знаходзіцца ў абсалютна шэрай зоне і не плаціць падаткі, ну ніхто, ні адна краіна гэтага не дазволіць», — адзначыў Дзмітрый Круты.
Паводле яго слоў, ПДВ для даходнай часткі беларускага бюджэту — занадта значны падатак.
«Гэта 40%. Гуляцца з ПДВ нельга ні ў якім выпадку», — лічыць Дзмітрый Круты.
Беларускае Радыё Рацыя