З наступнага месяца пенсіі ў Беларусі павысяць на 5%



З 1 траўня пенсіі ў Беларусі павысяцца ў сярэднім на 5 працэнтаў. Адпаведны ўказ 17 красавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Павышэнне закране ўсе віды пенсій: працоўныя, па ўзросце, з нагоды страты карміцеля і за выслугу гадоў. “У траўні выдаткі на выплату пенсій складуць 1,5 млрд рублёў, з іх 78 млн рублёў на іх павышэнне паводле ўказу”, – адзначаецца ў паведамленні. Атрымальнікамі працоўных пенсій у Беларусі з’яўляюцца 2,3 млн чалавек.

На пачатку года міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч казала, што пенсіі ў 2023 годзе плануецца павышаць тройчы.

18 красавіка зноў патаннела паліва

Ужо сёмы тыдзень запар у аўторак цана літра паліва знізілася на адну капейку. Актуальныя цэны паведаміў канцэрн “Белнафтахім”:

АІ-92-К5-Еўра – 2,29 рубля;

АІ-95-К5-Еўра – 2,39 рубля;

АІ-98-К5-Еўра – 2,61 рубля;

дызельнае паліва – 2,39 рубля.

Летась у першай палове года ішоў адваротны працэс — кожны тыдзень паліва даражэла на 2 капейкі, і агульнае падаражанне за ўвесь перыяд дасягнула 17%. Цяпер ужо амаль два месяцы як паліва таннее.

Першую партыю адпрацаванага паліва з БелАЭС адправяць у Расею ў 2032 годзе

Першая партыя адпрацаванага паліва з БелАЭС будзе сфармаваная для адпраўкі ў Расею ў 2032 годзе. Пра гэта са слоў міністра энергетыкі Беларусі Віктара Каранкевіча піша расійскае інфармагенцтва Sputnik.

Паведамляецца, што ў Расеі паліва будуць перапрацоўваць і вяртаць у Беларусь для паўторнага выкарыстання. Раней паведамлялася, што ў Беларусі выберуць пляцоўку для захоўвання ядзерных адходаў. Выбраць яе плануецца з трох варыянтаў.

Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь зноў не паедуць

Польскі ўрад падоўжыў забарону на чыгуначныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь да 30 красавіка.  Хутчэй за ўсё, гэта не апошняе такое падаўжэнне. Тэрмін дзеяння папярэдняй забароны скончыўся 31 сакавіка гэтага года. Стала вядома, што яна працягнутая да 30 красавіка. Нічога не ўказвае на тое, што пасля гэтай даты забарону знімуць – піша “Белсат”.

Пасажырскі чыгуначны рух паміж Беларуссю і Польшчай спыніўся больш як тры гады таму – першай прычынаю стала пандэмія каронавірусу, але пазней польскі ўрад адмаўляўся здымаць забарону з-за злачынных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні ўласных грамадзян і ў дачыненні Украіны.

Былы McDonald’s у Беларусі афіцыйна стаў Mak.by

На будынках былых рэстаранаў сеткі McDonald’s у Беларусі пачалі мяняць шыльды на Mak.by. На іх напісаны і слоган: „Люблю ўсім сэрцам”. Змянілася даменнае імя сайта, зараз ён таксама mak. by. Версіі ёсць на рускай, англійскай і беларускай мовах, праўда, у двух апошніх версіях пакуль усё ў асноўным па-руску.  На сайце кампанія дзякуе наведвальнікам за падтрымку, прапанаваныя 1,5 тысячы варыянтаў назваў і абяцае „захаваць любімы смак страў”, піша @dw_belarus.

У Беларусі адкрыта 25 былых рэстаранаў McDonald’s у шасці гарадах. Брэнд сышоў з Беларусі ў лістападзе мінулага года, установы доўга працавалі як „КСБ Віктары Рэстараны”, па назве кіруючай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота virtualbrest.ru