З новага года цэны на лячэнне зубоў знізяць на 30-40%



“Прынята кардынальнае рашэнне па зніжэнні неабгрунтавана высокіх тарыфаў на стаматалагічныя паслугі”, — паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Як паведамляе ведамства, па выніках кантрольных мерапрыемстваў летам былі выяўлены “неабгрунтавана высокія тарыфы” на стаматалагічныя паслугі, якія ўстанаўліваюцца асобнымі прыватнымі клінікамі. Таму Мінздароўя прыняло рашэнне па пашырэнні цэнавага рэгулявання на стаматалагічныя паслугі — калі раней рэгуляваліся артапедычныя і зубатэхнічныя паслугі, то цяпер уведзена рэгуляванне цэн яшчэ на тэрапеўтычныя, хірургічныя і, артадантычныя паслугі. Пастанова Міністэрства аховы здароўя ўступіць у сілу да канца 2023 года. Пасля ўвядзення новых цэн, паслуга “лячэнне сярэдняга карыесу” патаннее на 47%, а да прыкладу, “складанае выдаленне” – на 42%.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі скарацілася

Па стане на 1 лістапада пагалоўе буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі, цяляты ды інш.) складала 4 млн 143,3 тысячы. Гэта амаль на 69 тысяч галоў, або на 1,6 працэнта, менш, чым годам раней.

Як прыгадвае “Позірк”, 19 кастрычніка Генеральная пракуратура паведаміла пра “факты злачынных дзеянняў службовых асоб” аднаго з аграрных прадпрыемстваў Клецкага раёна. Фігуранты крымінальнай справы “скрылі падзеж 211 галоў буйной рагатай жывёлы коштам звыш 135 тысяч рублёў”.

Паводле МУС, летась было распачата 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу, сёлета — 205, што складае трэць агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы. 22 верасня ў Салігорску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў мінулым годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Расонская газета піша пра пустыя паліцы ў краме

Пра пустыя паліцы ў крамах і аўталаўках спажыўкааперацыі Расонскага раёна напісала мясцовая дзяржаўная газета. Як сцвярджае “Голас Расоншчыны”, на паліцах крам няма элементарных тавараў: “Шакалад, бісквітныя вырабы, рыба марожаная, рыбныя прэсервы, ёгурты — гэта сёння ў крамах раскоша”. Падобная ж сітуацыя і з нехарчовымі таварамі: “Ёсць у астатку некалькі найменняў шампуню, парашкоў, зубной пасты, боты (адна-дзве пары). Але новага ў продаж нічога не паступае ўжо больш за два гады”. У аўтакрамах, як піша выданне, “знос даўно склаў больш за 100%”.

У райвыканкаме кажуць, што ведаюць пра гэтую праблему і праводзяць пазапланавыя маніторынгі, піша “Еўрарадыё”.

Белавія” будзе лётаць у Маскву з Гомеля пяць разоў у тыдзень

Амаль год таму авіякампанія Belavia запусціла рэйсы з Гомеля ў Маскву. Палёты ва Унукава ажыццяўляюцца тры разы ў тыдзень – па аўторках, пятніцах і нядзелях. Цяпер жа, анансавалі ў кампаніі, рэйсы з’явяцца ў раскладзе пяць разоў у тыдзень. Дадаюцца панядзелкі і чацвяргі.

Таксама раней нацыянальны авіяперавозчык паведаміў, што са студзеня запускае чартарныя рэйсы з Гомеля ў егіпецкі Шарм-эль-Шэйх. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.