З пачатку года беларусы пазычылі ў банкаў 1 мільярд 747 мільёнаў рублёў



Нацбанк апублікаваў справаздачу, згодна з якой па стане на 1 кастрычніка агульны аб’ём крэдытаў, якія атрымалі грамадзяне краіны, ужо складае 13 мільярдаў 343 мільёны рублёў.

Галоўная фінансавая ўстанова краіны палічыла ўсе без выключэння абавязацельствы беларусаў перад банкамі. У прыватнасці, не толькі спажывецкія крэдыты і пазыкі на нерухомасць, але таксама і аўтакрэдыты і карты растэрміновак. Пра што сведчыць рост запазычанасці беларусаў, каментуе эканаміст Леў Марголін.

– Гэта вельмі сумная лічба. Яна сведчыць пра тое, што наяўных грошай беларусам не хапае для жыцця. Нягледзячы на тое, што на паперы сяродныя заробкі растуць. А калі ў чалавека не хапае грошай, калі банк можа даць яму пазыку, то не шмат у каго хапае прынцыповасці, нейкай цвёрдасці, каб адмовіцца ад гэтага.

У параўнанні з крэдытнымі рынкамі беларускі выглядае не вельмі прывабна, дадае эканаміст.

– Грошы – гэта той самы тавар. Плаціць за гэты тавар 12, 13, 15 адсоткаў – гэта вельмі шмат. У Заходняй Еўропе, у Злучаных Штатах Амерыкі стаўка бывае нават мінусовыя. Прыносяць у банк грошы, каб пакласці, а ім гавораць: плаціце за гэта грошы. І таму там і крэдыты вельмі танныя. Калі на будаўніцтва жылля, то яны могуць быць пад палову адсотка, пад адсотак, але ні ў якім разе 10 і не 15.

Лічба запазычанасці беларусаў імкліва расце. З пачатку года грамадзяне краіны пазычылі ў банкаў 1 мільярд 747 мільёнаў рублёў. Большую частку гэтай запазычанасці складаюць крэдыты на нерухомасць. Пры гэтым беларусы актыўна бяруць крэдыты ўжо другі год. У выпадку, калі тэмпы крэдытавання паскорацца, Нацбанк дапускае магчымасць зрабіць правілы выдачы спажывецкіх крэдытаў больш жорсткімі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя