З пачатку года колькасць ІП знізілася на 0,1%



Паводле звестак Белстата, на 1 кастрычніка 2018 года ў краіне дзейнічала 142,4 тыс. юрыдычных асоб і 243 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 студзеня 2018 года вырасла на 0,7%, ІП — скарацілася на 0,1%. Разам з тым за год колькасць юрыдычных асоб вырасла на 1,1%, ІП — на 0,7%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 50.945 (за год іх колькасць вырасла на 1,9%). У Менскай вобласці — 26.215 (рост на 0,1%), у Берасцейскай — 14.627 (рост на 0,7%), Гомельскай — 13.979 (рост на 0,8%), Віцебскай — 13.084 (рост на 1,5%), Магілёўскай — 11.993 (рост на 2%), Гарадзенскай — 11.520 (рост на 0,03%).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 74.941 (за год іх колькасць знізілася на 4,5%). У Менскай вобласці налічвалася 38.866 ІП (рост на 4,5%), у Берасцейскай — 32.685 (рост на 0,9%), Гомельскай — 27.170 (рост на 1,9%), Гарадзенскай — 24.343 (зніжэнне на 0,8% ), Магілёўскай — 23.363 (рост на 3,2%), Віцебскай — 21.634 (рост на 0,4%).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,4% агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з 1 кастрычніка 2017 года скарацілася на 0,3 працэнтнага пункта. Са 142,4 тыс. арганізацый дзейнасць у сферы вытворчасці ажыццяўлялі 31,9 тыс. (22,4% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 110,5 тыс. (77,6%).

За дзевяць месяцаў было зарэгістравана 8.505 юрыдычных асоб і 26.844 ІП. Ліквідавана 7.672 юрыдычныя асобы, спынілі сваю дзейнасць 23.733 ІП.

Як паведамлялася, у 2017 годзе зарэгістраваныя 10.471 юрыдычная асоба, 32.304 ІП. Ліквідавана 10.562 юрыдычныя асобы і 37.938 ІП. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 студзеня 2016 года знізілася на 0,8%, ІП — на 4,2 тыс., або на 1,7%.

Больш за 260 прадстаўнікоў малога бізнесу ўдзельнічалі ў форуме прадпрымальнікаў, які прайшоў 1 кастрычніка. Форум быў арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем „Перспектыва”. Старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка на адкрыцці форуму паведаміў, што на яго былі запрошаныя прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства эканомікі, Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства фінансаў. Аднак урад, паводле слоў лідара аб’яднання, фактычна „форум праігнараваў”. Мерапрыемства было прысвечанае выпрацоўцы прапаноў па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі, якія ІП падрыхтавалі для новага ўрада краіны.

belapan.by