З паліц крамаў знікаюць імпартныя тавары



Імпартныя тавары знікаюць з паліцаў крамаў. Такая тэндэнцыя назіраецца не толькі ў рэгіёнах, але і ў абласных цэнтрах, і ў Менску. Асабліва гэта заўважна ў крамах з бытавой ды электроннай тэхнікай.

palycy 0963 1

Хоць пры гэтым дазволена падвышаць цэны на імпарт, а таксама на прадукцыю, якая мае імпартныя складнікі.  Як адзначае эканаміст Леў Марголін, такая сітуацыя мае цэлы комплекс прычынаў, адна з якіх – забарона на рост цэнаў:

– Сістэма, якую давялі сваім загадам Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі, яна складаная, і не заўсёды ўлічвае ўсе акалічнасці, якія ёсць у імпарцёраў. Таму ў гэтай сітуацыі многія вырашаюць пачакаць, што будзе далей, і як будзе развівацца сітуацыя. Адсюль – і пустыя паліцы крамаў. Ёсць, напэўна, і яшчэ адна праблема, хоць пра гэта адкрыта і не гавораць, але я думаю, што пакуль што яшчэ існуе праблема з набыццём валюты: якія б не былі кошты, але для таго, каб набыць імпартныя тавары, трэба за іх заплаціць валютай. Афіцыйныя крыніцы кажуць, што абмежаванняў на набыццё валюты няма, але на практыцы праблемы з наяўнай валютай застаюцца.

«Таксама магчыма імпарцёры пакуль не вераць у тое, што склаўся канчатковы курс беларускага рубля да даляра”, – не выключае эканаміст. На яго думку, сітуацыя застанецца няпэўнай прынамсі да таго часу, пакуль не з’явіцца магчымасць свабоднага набыцця валюты, а таксама пакуль вытворцы ды імпарцёры не змогуць рабіць прагнозы хаця б на некалькі месяцаў наперад.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя