З турмы – на чарговую пасаду: лёс былога міністра лясной гаспадаркі
Былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа працуе начальнікам лесапаляўнічай гаспадаркі “Выганаўскае” ў Белавежскай пушчы. На інфармацыю, размешчаную на сайце „Белавежскай пушчы”, звярнуў увагу Беларускі расследвальніцкі цэнтр.
Менскі гарадскі суд 12 студзеня гэтага года абвясціў прысуд экс-міністру лясной гаспадаркі Віталю Дрожжу за хабарніцтва. Яго прыгаварылі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі, але па амністыі скарацілі яму год. Яго абвінавацілі ў тым, што ён у 2020 годзе з карыслівых памкненняў дамовіўся з заснавальнікам і дырэктарам кампаніі з Германіі пра атрыманне хабару. Справа была звязана з набыццём у інвестара сушыльных комплексаў, поўнай і своечасовай аплатай. Дрожжа цалкам прызнаў віну ў атрыманні хабару ў памеры 30 тысяч даляраў.
Яшчэ ў верасні з’явілася інфармацыя пра тое, што Віталь Дрожжа мог выйсці на волю, не адбыўшы прысуджаны яму тэрмін зняволення.
Дзяржаўнае тэлебачанне яшчэ больш заробіць на рэкламе
Па тэлебачанні і радыё хочуць дазволіць рэкламаваць алкаголь і даваць рэкламу нават падчас кароткіх праграм. Што дакладна можа змяніцца ў законе “Аб рэкламе”, прапісана ў праекце закона на Нацыянальным прававым партале.
Цяпер рэклама піва і слабаалкагольных напояў на ТБ і радыё забаронена з 7 да 22 гадзін, а рэкламаваць іншы алкаголь нельга наогул. У новай рэдакцыі закона прапануюць скараціць час абмежавання рэкламы піва і дазволіць позна ўвечары рэкламу алкаголю. Таксама прапануюць даць ТБ і радыё магчымасць больш рэкламаваць ігральныя ўстановы і азартныя гульні. Перадачы, якія ідуць 15 хвілін і меней, перарываць ролікамі па-ранейшаму нельга. Але прапануюць дазволіць сумяшчаць іх з рэкламай, у тым ліку ў выглядзе бягучага радка і так далей.
Беларусь хоча пастаўляць тавары праз Турцыю ў трэція краіны
У беларускую эканоміку ўжо ўкладзена 1,5 мільярда даляраў турэцкіх інвестыцый, адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік. Дамагацца максімальных вынікаў супрацоўніцтва з Турцыяй “нас абавязваюць таксама выклікі тэхнагеннага і рукатворнага характару”. Такую заяву міністр зрабіў на пасяджэнні беларуска-турэцкай сумеснай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Анкары, піша “Позірк”.
Як заявіў кіраўнік МЗС, ва ўмовах заходніх санкцый вялікую цікавасць для Беларусі ўяўляе “вырашэнне пытанняў узаемаразлікаў, лагістыкі дастаўкі тавараў у Турцыю, а таксама праз Турцыю ў трэція краіны і краіны Глабальнага Поўдня”.
У Польшчы знайшлі кантрабандныя беларускія цыгарэты на $6 млн
Польскія памежнікі затрымалі за адзін дзень тры фуры з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі. Агульны кошт тавару – больш за 6 мільёнаў даляраў.
Адну партыю кантрабанды схавалі ў фуры з аконнымі канструкцыямі, другую – сярод шкляных слоікаў на палетах. Усяго ў двух фурах было 1 200 000 пачкаў. Абодва кіроўцы затрыманы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, фуры канфіскавалі. У той жа дзень затрымалі яшчэ адну фуру і 555 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт. Кіроўцу таксама затрымалі.
Сумарны кошт кантрабандных грузаў склаў прыкладна 26 млн злотых (каля $6,36 млн), піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: belta.by.