З усіх камерцыйных пасылак у Еўразвяз будуць спаганяць падатак



Жыхары краін Еўразвяза будуць выплачваць падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) пры атрыманні камерцыйнай пасылкі, у тым ліку з Беларусі, паведамляе РУП „Белпошта”.

1 ліпеня ў Еўрапейскім звязе змяніўся парадак збору ПДВ для камерцыйных адпраўленняў (продажу тавараў) з іншых краін, растлумачыла прэс-служба прадпрыемства. „Калі вы адпраўляеце з Беларусі камерцыйную пасылку незалежна ад кошту ўкладання, жыхары краін EЗ выплачваюць ПДВ (VAT), на ўкладанні коштам большым за 150 еўра дадаткова спаганяюцца мытныя плацяжы. Такім чынам, змены закрануць бізнес, які прадае тавары ў краіны ЕЗ (напрыклад праз інтэрнэт-краму)”, — гаворыцца ў каментары „Белпошты”.

Пры гэтым РУП „Белпошта” дадатковыя плацяжы не спаганяе.

„Пры перасылцы ў краіны ЕЗ тавараў для асабістага карыстання атрымальніка і яго сям’і, якія па сваім характары або колькасці не адлюстроўваюць якіх-небудзь камерцыйных інтарэсаў і кошт іх укладанняў не перавышае 45 еўра, ПДВ не спаганяецца. Аднак калі кошт укладання некамерцыйных адпраўленняў большы за 45 еўра, у краінах ЕЗ будуць налічвацца мытныя плацяжы”, — нагадала прэс-служба.

У „Белпошце” адзначылі, што для скарачэння тэрмінаў перасылкі міжнародных паштовых адпраўленняў супрацоўнікі аб’ектаў паштовай сувязі складаюць мытныя дэкларацыі ў электронным выглядзе для наступнай перадачы іх у краіну прызначэння.

belapan.by