З вязняў беларускіх калоній патрабуюць выплаты падатку



З вязняў беларускіх калоній патрабуюць выплаты падатку. Піша Праваабарончы Цэнтр “Вясна”. Размова ідзе пра падатак на першую кватэру, неабходнасць выплаты якога з’явілася пасля прыняцця новага Падатковага кодэкса.

Апавяшчэнні на выплату сталі прыходзіць, пачынаючы з ліпеня і выявілі чарговую праблему — асуджаныя папраўчых калоній ад выплаты падатку не вызваленыя (у адрозненне ад вайскоўцаў), а заплаціць няма магчымасці.

Падатак складае 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра жылля. Разліковы кошт адрозніваецца ад рэгіёна, у сярэднім новы падатак у Менску складзе 50-60 рублёў у год, у рэгіёнах — у два разы менш.

Сума выглядае невялікай, але ў беларускіх папраўчых калоніях вязні зарабляюць у сярэднім ад 4 да 6 рублёў у месяц. Акрамя таго, зняволеныя могуць мець грошы на рахунках і выкарыстоўваць іх для пакупкі прадуктаў у турэмнай краме — некалькі базавых велічынь у месяц у залежнасці ад рэжыму і наяўнасці пазоваў — але ці можна будзе з рахунку аплаціць падатак, невядома.

 Беларускае Радыё Рацыя