З якіх краін у Беларусь увозяць агародніну?
Мінсельгасхарч апублікаваў статыстыку, з якіх краін у Беларусь увозяць імпартную агародніну.
Гаворка ідзе пра бульбу, агуркі, таматы і нават буракі і белакачанную капусту. “У Беларусі ў цэлым па годзе патрэба ў агурках, памідорах, бураках, капусце, бульбе забяспечваецца ў поўным аб’ёме, – удакладняюць у Мінсельгасхарчы. — Сезоннасць вытворчасці разам з тым фармуе недахоп агуркоў і таматаў у зімова-вясновы перыяд, а што да буракоў, капусты і бульбы, то ў гэты перыяд прыязджае ранняя гародніна да нас з іншых краін з новага ўраджаю”.
Па дадзеных ведамства, амаль 95% імпартных агуркоў увезлі да нас з Расеі, астатнія – з Турцыі, Узбекістана, Ірана. Што да таматаў, то яны ў асноўным завозіліся з Расеі, Турцыі, Азербайджана і Туркменістана. Бурак пастаўлялася з Узбекістана, Расеі і Казахстана, а белакачанная капуста – з гэтых жа краін, а таксама з Ірана. Асноўныя краіны паставак у нашу краіну бульбы – Расея, Азербайджан і Егіпет. (паводле news.zerkalo.io)
Як перавозіць грошы праз мяжу?
У Менскай рэгіянальнай мытні патлумачылі парадак перавозу праз граніцу наяўных грошай і грашовых інструментаў, то бок банкаўскіх і дарожных чэкаў, векселяў, каштоўных папер. Дэклараваць на мытні трэба наяўныя грошы і грашовыя інструменты, калі агульная сума пры іх адначасовым увозе на мытную тэрыторыю ЕАЭС або адначасовым вывазе перавышае 10 тысяч даляраў. Грашовыя інструменты, за выключэннем дарожных чэкаў, падлягаюць мытнаму дэклараванню незалежна ад іх сумы.
Фізічная асоба, якая вязе грашовыя сродкі і (або) дарожныя чэкі на суму звыш 10 тысяч даляраў, або грашовыя інструменты, павінна запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю. Калі гэтая сума перавышае 100 тысяч даляраў у эквіваленце, то акрамя дэкларацыі, трэба паказаць дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне сродкаў.
За незаконнае перамяшчэнне грашовых сродкаў і грашовых інструментаў праз граніцу прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Калінінград хоча атрымаць субсідыі на транспарціроўку беларускіх тавараў
Губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў хоча дамагчыся выдзялення субсідый на транспарціроўку морам беларускіх тавараў. Пра гэта ён заявіў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 5 чэрвеня. З-за змен лагістыкі беларускія тавары становяцца неканкурэнтаздольнымі ў расейскім эксклаве. “Нам вельмі важна, каб беларускія тавары таксама маглі карыстацца субсідыямі, каб яны не станавіліся неканкурэнтнымі і мы працягвалі іх атрымліваць”, – перадае БелТА словы Аліханава.
“Мы залежым па вялікай наменклатуры, напрыклад, будаўнічых матэрыялаў ад паставак з Рэспублікі Беларусь. Для нас вельмі важна, каб гэтыя пастаўкі працягваліся – і цэмент, і друз, і наогул у прынцыпе будаўнічыя праекты. Даручэнні адпаведныя дадзены”, – сказаў Аліханаў. Ён не ўдакладніў, кім дадзены даручэнні і адкуль мелі б паступаць субсідыі на транспарціроўку.
Калі адпусціць цэны, да восені можа быць інфляцыйны ўсплёск — Галоўчанка
У Беларусі цяпер назіраецца дэфляцыя, але адпускаць цэны ўсё адно нельга. Пра гэта прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць. Паводле яго, у іншым выпадку нас можа чакаць інфляцыйны ўсплёск бліжэй да восені.
Разам з тым Галоўчанка паведаміў пра карэкціроўкі ў пастанову №713, якая зацвярджае сістэму рэгулявання цэн. Па яго словах, змены плануюцца на карысць айчынных вытворцаў — для іх і для імпарцёраў плануецца зрабіць роўныя ўмовы. Прэм’ер кажа, што гандаль і вытворцы да сістэмы рэгулявання цэн ужо адаптаваліся. Адмяняць яе бліжэйшым часам не плануецца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: JerzyGorecki/pixabay.com/CC0 Public Domain