З-за абмежаванняў на пасылкі за год „Белпошта” страціла 4,6 млн рублёў



З прычыны ўвядзення мяжы бяcпошліннага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях (МПА) у 22 еўра страты даходаў РУП „Белпошта” ад ўваходных МПА і прыёму плацяжоў у 2017 годзе склалі 4,6 млн рублёў. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі „Белпошты” на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам урада Беларусі Аляксандрам Турчыным 11 верасня.

„У час прэзентацыі вынікаў і перспектыў развіцця прадпрыемства абмяркоўвалася таксама неабходнасць уніфікацыі заканадаўства ў межах ЕАЭС”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Аляксандр Турчын падчас наведвання прадпрыемства заявіў, што „Белпошта” павінна аказваць дзяржаўныя паслугі з улікам сучасных патрабаванняў. Ён адзначыў, што паштальёны павінны стаць універсальнымі работнікамі, якія здольныя з дапамогай гаджэтаў, выхаду ў інтэрнэт аказаць грамадзянам неабходныя дзяржпаслугі, дапамагчы з замовай і дастаўкай тавараў інтэрнэт-крам. Абмяжоўвацца дастаўкай пошты і пенсій немэтазгодна, асабліва з улікам развіцця рынку банкаўскіх плацежных картак. З 2012 года па 2018-ты ўдзельная вага атрымальнікаў пенсіі на абслугоўванні „Белпошты” скарацілася з 58,9% да 37,6%.

„Натуральна, нельга пакінуць жыхароў вёсак без сувязі з вонкавым светам. Але калі мы спыняемся на пошце як на правайдары паслуг насельніцтву, то патрэбна выпрацоўка стратэгіі з партнёрамі, суб`ектамі гандлю, банкамі”, — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.

Як паведамляў БелаПАН, у 2016 годзе ў Беларусі значна скарацілі ліміт на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы. Цяпер беларусам даводзіцца плаціць мытныя плацяжы пры перавышэнні кошту замоўленага тавару ў 22 еўра і вагой больш за 10 кілаграмаў. Калі ліміт перавышаны, адрасат заплаціць 30% ад сумы перавышэння (але не менш за 4 еўра за кг), а таксама мытны збор 5 еўра. Раней у Беларусі ліміт на пасылкі для асабістага карыстання складаў 200 еўра і 31 кілаграм за месяц.

У канцы 2017 года ў рамках ЕАЭС зацвердзілі канцэпцыю паэтапнага зніжэння мытных лімітаў, куды трапілі і тавары, дастаўка якіх пакупніку з-за мяжы ажыццяўляецца з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленняў або перавозчыкам, у тым ліку пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. У прыватнасці, на працягу трох гадоў у краінах ЕАЭС павінны прыняць адзіныя ліміты па максімальным кошце і вазе пасылак з-за мяжы. Так, Расея і Казахстан знізяць свае ліміты з 1.000 еўра да 200, а Беларусь можа павысіць з 22 да 200.

belapan.by