З-за антыбіётыкаў у згушчонцы могуць звольніць 2500 чалавек



Праверка якасці прадукцыі прадукцыі Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату (РМКК) можа скончыцца ўвядзеннем забароны на продаж сыроў, малака і згушчонкі гэтага прадпрыемства на тэрыторыі Расеі, паведаміў галоўны рэдактар vrogacheve.ru Дзяніс Дашкевіч.

«19 кастрычніка кантралёры з РФ (Рассельгаснагляд) выявілі ў прадукцыі прадпрыемства антыбіётыкі, – распавядае Дзяніс Дашкевіч. – Мая крыніца паведаміла, што на камбінат вярнулі некалькі сотняў тонаў прадукцыі, якую адправілі ў Расею. Пакуль няма афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра забарону на ўвоз прадукцыі РМКК у Расею. Мне таксама стала вядома, што антыбіётыкі дабаўлялі не на камбінаце, а пастаўшчыкі сыравіны. У аграпрадпрыемства, якое пастаўляла сыравіну, былі праблемы з яе продажам. Каб сыравіна не сапсавалася, ў яе дадавалі антыбіётыкі», – распавёў журналіст, спасылаючыся на надзейную крыніцу інфармацыі.

Паводле Дашкевіча, пад пагрозай аказаліся 2500 чалавек, якіх могуць звольніць, бо забарона на продаж у Расеі ставіць крыж на рэнтабельнасці камбінату, піша Белсат.

«Закрываюць новы малочны цэх. Пасля прыходу на РМКК новага дырэктара з сумнеўным мінулым, пачаліся праблемы з дыстрыб’ютарамі, і ў выніку продажы пачалі падаць. У траўні звольнілі каля 300 чалавек. Пазней «на ўласнае жаданне» яшчэ 200. А цяпер скандал з антыбіётыкамі. Людзей давялі да ручкі. Яны гатовыя выходзіць на плошчу», – кажа Дзяніс Дашкевіч.

«У раёне страшэнная карупцыя. Былы кіраўнік райвыканкаму Сяргей Якаўлеў у турме. Ягоны папярэднік таксама. У сярэдзіне кастрычніка быў абвінавачаны ў хабарніцтве і адкатах адзін з топ-менеджараў РМКК. Два тыдні таму арыштавалі паводле абвінавачання ў карупцыі дырэктара мясцовага СПК «Высокае». Тут кожны тыдзень арышты. Прыедзьце сюды з камерамі і пакажыце, як людзі жывуць», – просіць Дашкевіч.