З-за бруднай нафты затрыманыя чатыры чалавекі



Матэрыялы справы аб пападанні забруджанай нафты ў нафтаправод „Дружба” перададзеныя ў пракуратуру, чатыры чалавекі затрыманыя, паведаміў кіраўнік Мінэнерга Аляксандр Новак на пасяджэнні ўрада 7 траўня.

Меркаваныя фігуранты справы знаходзяцца ў СІЗА, іх імёны міністр не назваў, іншыя дэталі затрымання таксама невядомыя, піша „Коммерсантъ„.

Паводле слоў Новака, ачышчаная нафта павінна дасягнуць балтыйскага порта Усць-Луга 8 траўня. Мінэнерга разлічвае, што сітуацыя з пастаўкамі сыравіны будзе цалкам нармалізаваная ў другой палове месяца. „Працягваецца актыўная работа па нармалізацыі сітуацыі якасці нафты для нашых партнёраў і спажыўцоў еўрапейскіх”, — паведаміў кіраўнік Мінэнерга.

Аляксандр Новак прапанаваў узмацніць адказнасць юрыдычных асоб за парушэнне патрабаванняў тэхрэгламенту якасці нафты. Зараз штраф складае 300 тыс. руб. „Прапануецца зрабіць гэты штраф абаротным, да 2% ад абароту для юрыдычных асоб”, — сказаў міністр.

Мінэнерга таксама лічыць патрэбным праверыць усе камерцыйныя пункты ўліку нафты. Правесці комплексную праверку Новак прапанаваў даручыць Растэхнагляду і Расстандарту.

Нагадаем, 27 красавіка прэм`ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў Мінэнерга Расеі, Мінпрамгандлю, ФАС і Растэхнагляду ў тыднёвы тэрмін правесці праверку па факце парушэння паказчыкаў якасці нафты, якая транспартуецца ПАТ „Транснафта” у Беларусь і краіны Усходняй Еўропы.

„Па выніках праверкі забяспечыць пакаранне асоб, адказных за дапушчаныя парушэнні. Матэрыялы праверкі накіраваць у Генеральную пракуратуру Расейскай Федэрацыі”, — прыводзіць тэкст даручэння сайт урада Расеі.

„Прадставіць прапановы па ўдасканаленні нарматыўна-прававога рэгулявання ў галіне здабычы, захоўвання і транспарціроўкі нафты з мэтай недапушчэння пастаўкі ў адрас спажыўцоў нафты, якая не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза „Аб бяспецы нафты, падрыхтаванай да транспартавання і (або) выкарыстання”, — даручыў Мядзведзеў.

Аб пастаўках з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе „Дружба” няякаснай нафты паведаміў „Белнафтахім”. 22 красавіка стала вядома, што з-за забруджанай хлорарганікай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Транзіт расійскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” спынены цалкам.

Намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў паведаміў журналістам, што страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн долараў.

У Расеі была заведзена крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў нафтаправодзе „Дружба”.

У пачатку мая чыстая нафта зноў пачала паступаць на тэрыторыю Беларусі.

belapan.by