З-за дэвальвацыі расейскага рубля траціць беларуская сельская гаспадарка



Беларуская сельская гаспадарка ўжо страціла 160 мільёнаў даляраў з-за дэвальвацыі расейскага рубля. Такія лічбы агучыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін.

Паводле чыноўніка, харчовы экспарт у Расею нясе страты апошнія тры месяцы, калі пачалася рэзкая дэвальвацыя расейскага рубля ў выніку заходніх санкцый.

– У гэтых адносінах ужо 8, 6 % працэнтаў мы маем страты. За апошні час каля 160 мільёнаў даляраў ЗША. Мы праглядаем разнастайныя варыянты – у першую чаргу па павелічэнню асартыментаў прадукцыі. Магчыма, на некаторыю прадукцыю нам давядзецца ўзняць экспартныя кошты.

Паводле Васіля Седзіна, кампенсаваць страты, акрамя падвышэння экспартных коштаў, дапаможа прапанова расейскаму рынку новых, больш рэнтабельных відаў прадукцыі. Такія віды, як кажа намеснік міністра, зараз распрацоўваюцца. На долю Расеі прыходзіцца 92% беларускага харчовага экспарту.

Беларускае Радыё Рацыя