З-за каронавірусу найбольш пацярпелі гарбарна-абутковая і тэкстыльная галіны



З-за пандэміі каронавірусу найбольш пацярпелі гарбарна-абутковая і тэкстыльная галіны, паведаміла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна падчас анлайн-брыфінгу 11 чэрвеня.

«Ва ўсіх буйных абутковых кампаній ёсць свае гандлёвыя сеткі на тэрыторыі, напрыклад, Расеі. У »Белвеста« – прыблізна 400 крам, якія не працавалі з 30 сакавіка, калі быў абвешчаны каранцін. Гэта каласальнае падзенне тавараабароту, выручкі. А згодна з ацэнкай »Белвеста« і ўнутры краіны адбылося падзенне на 50% да папярэдняга перыяду», – адзначыла Лугіна.

«Мы зараз выпускаем абутак як сродак індывідуальнай аховы, пакуль рынак не выправіцца. Чакаем, маніторым рынкі і Расеі, і Заходняй Еўропы. Ён яшчэ далёка не ажыў. Але пачынаюць адкрывацца крамы, адкрывацца межы, пайшлі першыя замовы. Хочацца спадзявацца, што самыя крытычныя перыяды – мінімум па замовах і фармаванні вытворчай праграмы – мы ўжо перажылі», – заявіла кіраўнік канцэрна.

Яна адзначыла, што падчас пандэміі «былі мабілізаваныя сілы швейных і трыкатажных прадпрыемстваў на пашыў сродкаў індывідуальнай аховы і медыцынскага прызначэння», што дазволіла «ва ўмовах падзення рынку па шэрагу прадпрыемстваў нават падняць зарплату на 15–20%».

«У чэрвені ўсе трыкатажныя і швейныя прадпрыемствы загружаныя, праца ёсць, сёння пачаў адкрывацца еўрапейскі рынак. Тыя, хто не мае выручку ад магазінаў і абаротных сродкаў, пайшлі іншым шляхам і працуюць па працэсінгу, каб забяспечыць загрузку людзей. Гэта хуткія грошы і шмат працы. Але гэта ў асноўным невялікія прадпрыемствы», – паведаміла Лугіна.

БелаПАН

Фота: БелТА