За 2016 год рэальныя грашовыя даходы насельніцтва знізіліся на 7,3%
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі за 2016 год знізіліся на 7,3% да ўзроўню 2015 года, паведаміў Белстат.
У агульным аб`ёме грашовых даходаў аплата працы займае 61,9%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,4%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 23,9%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5,8%.
Даходы насельніцтва памяншаюцца з 2015 года. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым да аналагічнага перыяду папярэдняга года — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%, студзені—верасні — 7,2%, студзені—кастрычніку — 7,3%, студзені—лістападзе — 7,5%.
Мінэканомікі раней чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізяцца на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, у першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні, па выніках дзевяці месяцаў — вырастуць на 0,1%, па выніках года — на 0,5%.
Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады закладзены рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў адносінах да 2015 года на 9,5—11,6%.
У ходзе „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 3 лютага Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што ў 2017 годзе сярэдні заробак „кроў з носа” павінен вырасці да 500 долараў ЗША.
„500, як я мяркую, не магу стопрацэнтна сцвярджаць, што я маю рацыю, але 500 долараў сярэдні заробак у краіне — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, для таго каб ён хоць трохі мог жыць у той сістэме сацыяльна-эканамічнай, якую мы з вамі стварылі. Усё астатняе не забараняецца — вітаецца. Тысяча, дзве тысячы, хто колькі заробіць. Мы жывём у рынкавай эканоміцы, падабаецца яна мне ці не. Мне — не вельмі. Але, калі мы праводзім апытанні насельніцтва, амаль дзве траціны насельніцтва — рынак, рынкавая эканоміка, свабода і іншае. Калі ласка, рынкавая эканоміка і свабода, зарабляй”, — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што лічба 500 долараў названая не спантанна. „Мы гэта ўжо праходзілі. Больш за тое, краіна ў снежні мела 412 долараў заработнай платы, засталося зусім няшмат”, — заявіў Лукашэнка, даўшы зразумець, што з урада будуць звольненыя тыя, хто не падтрымлівае патрабаванне павялічыць зарплату да 500 долараў.
Каментуючы раней БелаПАН прычыны такога значнага падзення даходаў насельніцтва, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук назваў скарачэнне інвестыцый, падзенне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і прадукцыйнасці працы, адток прадпрымальнікаў і іх матэрыяльных актываў, працяг страт беларускіх вытворцаў на знешніх рынках. Трэба прызнаць, што ўзровень даходаў, які заяўлены ўладамі, носіць хутчэй палітычны і ідэалагічны характар, але ніяк не быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам. Зараз ідзе адаптацыя таго, што мы можам зарабляць, да таго, што мы зарабляем насамрэч”, — сказаў Раманчук.
Пры гэтым ён лічыць, што неаднаразовае паўтарэнне Аляксандрам Лукашэнкам задачы для ўрада ў 2017 годзе дасягнуць сярэдняга ўзроўню заробкаў у 500 долараў „з`яўляецца ўсяго толькі мантрай”. „Гэтая мантра ніякага тэарэтычнага і практычнага разліку не мае. Гэта толькі заявы пра тое, што трэба жыць дружна, багата і з добрым здароўем”, — заявіў эканаміст.