За апошнія 12 месяцаў колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася больш як на 50 тысяч



У беларускай эканоміцы ў траўні 2021 года было занята 4 млн 271,8 тыс. чалавек, вынікае са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Годам раней, у траўні 2020-га, гэты паказчык складаў 4 млн 323,4 тыс.

Такім чынам, за год колькасць занятых скарацілася на 51,6 тыс.

Паводле звестак Белстата, у першым квартале 2021 года ўзровень занятасці насельніцтва (адносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва ва ўзросце 15—74 гадоў) склаў 66,4%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,2%. Фактычнае беспрацоўе ў чацвёртым квартале 2020 года складала 4,1%, узровень занятасці — 67,9%. У адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй людзі, якія не маюць працы, але паведамляюць, што актыўна яе шукаюць, класіфікуюцца як беспрацоўныя.

Паводле звестак Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 чэрвеня склаў 0,2% і ў параўнанні з 1 чэрвеня 2020 года не змяніўся.

Згодна з інфармацыяй Белстата, у траўні 2021 года было звольнена 62.810 чалавек, прынята на працу — 45.661, суадносіны прынятых і звольненых склалі 72,7%. Найбольшая колькасць звольненых прыпала на прамысловасць — 14.189 чалавек (суадносіны — 68,1%), далей ідуць: гандаль — 9.708 (81,7%); сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 8.777 (83,7%); адукацыя — 8.639 (45,4%); ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 4.976 (71,6%); будаўніцтва — 4.757 (70,2%); энергетыка — 3.706 (35,8%); транспарт — 3.075 (67,6%).

Апытаныя БелаПАН эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам працоўнай сілы за мяжу, які ўзмацніўся ў сувязі з палітычным крызісам у краіне.

belapan.by