За апошнія 12 месяцаў колькасць занятых у беларускай эканоміцы знізілася больш як на 33 тысячы
У беларускай эканоміцы ў чэрвені 2021 года было занята 4 млн 267,6 тыс. чалавек, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
У чэрвені 2020 года ў эканоміцы краіны было занята 4 млн 300,8 тыс. чалавек. Такім чынам, за апошнія 12 месяцаў колькасць занятых знізілася на 33,2 тысячы.
Паводле звестак Белстата, у чэрвені 2021 года было звольнена 67.456 чалавек, прынята на працу — 61.431. Суадносіны прынятых і звольненых — 91,1%. Найбольшая колькасць звольненых прыпала на прамысловасць — 13.293 (суадносіны — 104,1%), затым ідуць: адукацыя — 12.246 (71%); гандаль — 10.080 (91,2%); сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 9.270 (100,1%); будаўніцтва — 5.105 (85,9%); ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 4.846 (91,5%).
У другім квартале 2021 года ўзровень занятасці насельніцтва (адносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва ва ўзросце 15—74 гадоў) склаў 67,6%, узровень беспрацоўя ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы — 4% колькасці працоўнай сілы. Згодна з міжнароднай метадалогіяй людзі, якія не маюць працы, але паведамляюць, што актыўна яе шукаюць, класіфікуюцца як беспрацоўныя.
Як паведамілі ў Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 ліпеня склаў 0,2% колькасці працоўнай сілы (на 1 ліпеня 2020 года — таксама 0,2%).
Эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам працоўнай сілы за мяжу з-за палітычнага крызісу.