За апошнія два тыдні попыт на лекі вырас на 25%



Пра гэта паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя. У ведамстве адзначаюць, што прычын для хваляванняў няма – лекі не знікнуць і пакуль не плануецца падвышэнне коштаў на жыццёва неабходныя прэпараты. Мінздароўя запэўнівае, што ад супрацоўніцтва не адмовілася не адная замежная кампанія, а беларуская фармацэўтыка працуе на поўную.

Тым не менш пэўная занепакоенасць ёсць і ў саміх аптэчных сетках, – гаворыць правізар з Пінску Святлана Даніловіч:

– Аптэкі ў сябе не трымаюць вялікіх запасаў, рознічная аптэка гэта ўсёж-такі не склад. Ёсць вялікія дыстэрбютары са складамі, якія лакалізаваны па ўсёй краіне, там паўгадавыя запасы лекавых прэпаратаў ёсць, ва ўсякім разе як нам абяцаюць. На сённяшні дзень мы атрымліваем лісты, што лекавыя прэпараты будуць пастаўляцца, і вытворцы прыкладваюць усе намаганні, каб гэтыя дастаўкі былі бесперабойныя.

Попыт павялічыўся не толькі на лекі з катэгорыі найважнейшых і жыццёва неабходных, яны патрэбныя людзям з цяжкімі і хранічнымі захворваннямі. Грамадзяне скупляюць і простыя прэпараты, як то ёдавыя, бо занепакоеныя бяспекай украінскіх АЭС.

Беларускае Радыё Рацыя