За год колькасць ІП-шнікаў у Беларусі скарацілася на 3,2%



Згодна са звесткамі на 1 кастрычніка 2016 года, у Беларусі дзейнічала 142,5 тыс. юрыдычных асоб і 250,7 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні са звесткамі на 1 кастрычніка 2015 года знізілася на 0,1% (на 1 студзеня 2016 года — вырасла на 0,6%), ІП — на 3,2 (на 1,9%).

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзіцца ў Менску — 50.238 (за год іх колькасць павялічылася на 1,2%). У Менскай вобласці — 26.455 (павелічэнне на 0,4%), у Берасцейскай — 14.602 (на 0,2% менш), Гомельскай — 13.958 (на 1,6% менш), Віцебскай — 13.329 (на 2,8% менш), Магілёўскай — 12.218 (на 0,2% больш), Гарадзенскай — 11.657 (на 1,4% менш).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзіцца ў Менску — 80.467 (за год іх колькасць знізілася на 1,7%). У Менскай вобласці — 37.715 (павелічэнне на 0,8%), у Берасцейскай — 33.055 (на 3,9% менш), Гомельскай — 27.059 (на 4,1% менш), Гарадзенскай — 26.138 (на 6,7% менш), Віцебскай — 22.809 (на 7,4% менш), Магілёўскай — 23.421 (на 4% менш).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,7% у агульнай колькасці дзейных арганізацый (на 1 верасня 2015 года — 12,8%).

З 142,5 тыс. дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 33,7 тыс. (23,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 108,8 тыс. (76,4%).

Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 7 ліпеня на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях заявіў, што сёння няма вострых пытанняў, звязаных з дзейнасцю індывідуальных прадпрымальнікаў.

Разам з тым 3 кастрычніка ў Менску на форуме, арганізаваным рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем „Перспектыва”, індывідуальныя прадпрымальнікі выказалі недавер Міністэрству па падатках і зборах, усклаўшы на яго адказнасць за наступствы ў сферы прадпрымальніцтва, якія выкліканыя дзеяннем прэзідэнцкага ўказа № 222. У працы форума ўзялі ўдзел больш за 180 чалавек з Барысава, Беразіно, Берасця, Гомеля, Гародні, Жодзіна, Магілёва, Мазыра, Маладэчна, Менска і Полацка, а таксама прадстаўнікі Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Удзельнікі форуму абвясцілі пра гатоўнасць пачаць забастоўку і арганізаваць серыю мітынгаў у межах закону ў тым выпадку, калі кантрольна-наглядныя органы стануць праводзіць масавыя праверкі індывідуальных прадпрымальнікаў з канфіскацыямі і штрафамі.

З пачатку 2016 года дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент фактычна паралізаваў працу ІП, якія гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо цяпер яны могуць гандляваць толькі таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Атрыманне такіх дакументаў абцяжаранае ў сувязі з пазіцыяй расійскіх партнёраў. Тым не менш да канца сакавіка большасць ІП вымушаныя былі аднавіць працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.

belapan.by