За год колькасць ІП скарацілася на 6 тысяч
На 1 жніўня 2017 года ў Беларусі дзейнічала 140,4 тысячы юрыдычных асоб і 245,4 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 жніўня 2016 года знізілася на 1,1%, ІП — скарацілася на 6 тысяч, або на 2,4%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб знізілася на 1,6%, ІП — зменшылася на 0,9%.
Найбольшая колькасць юрыдычных асоб была ў Менску — 49.612 (за год іх колькасць скарацілася на 0,2%). У Менскай вобласці іх было 26.109 (скарачэнне на 1,1%), у Берасцейскай — 14.481 (на 0,6% менш), Гомельскай — 13.896 (на 0,8% менш), Віцебскай — 12.996 (на 3,4% менш ), Магілёўскай — 11.773 (на 3,7% менш), Гарадзенскай — 11.522 (на 1,1% менш).
Найбольшая колькасць ІП таксама была ў Менску — 79.809 (за год іх колькасць знізілася на 0,4%). У Менскай вобласці іх налічвалася 37.133 (змяншэнне на 1,2%), у Берасцейскай — 32.324 (на 2,5% менш), Гомельскай — 26.725 (на 1,1% менш), Гарадзенскай — 25.925 (на 5,8% менш ), Магілёўскай — 22.649 (на 3,8% менш), Віцебскай — 21.814 (на 7% менш).
Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы форм уласнасці склала 12,8% у агульнай колькасці дзейных арганізацый (на 1 жніўня 2016 года — таксама 12,8%).
З 140,4 тысячы дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 31,8 тысяч (22,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 108,6 тысяч (77,4%).
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка раней у каментарыі БелаПАН адзначаў, што скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў звязана з „адсутнасцю належных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці — для таго, каб людзі адкрывалі свой бізнес і працавалі без залішніх адміністрацыйных і падатковых перашкод”. „Няма стымулюючых фактараў для развіцця, няма магчымасці бяспечна ажыццяўляць сваю дзейнасць”, — лічыць Шумчанка.
На яго думку, прадпрымальнікі не давяраюць дзяржаве і, каб засцерагчы раней укладзеныя ў справу сродкі, спыняюць дзейнасць. На зніжэнне колькасці ІП паўплывала і прыняцце ўказа прэзідэнта № 222, які ўскладніў працу.