За год колькасць ІП скарацілася ў Беларусі на 7 тысяч
Паводле звестак Белстата, на 1 кастрычніка 2017 года ў Беларусі дзейнічала 140,8 тыс. юрыдычных асоб і 243,7 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 кастрычніка 2016 года знізілася на 1,2%, ІП — на 7 тыс., або на 2,8%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб зменшылася на 1,3%, ІП — на 1,6%.
Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 50.003 (за год іх колькасць скарацілася на 0,5%). У Мінскай вобласці — 26.189 (скарачэнне на 1%), у Брэсцкай — 14.526 (на 0,5%), Гомельскай — 13.871 (на 0,6%), Віцебскай — 12.894 (на 3,3%), Магілёўскай — 11.763 (на 3,7%), Гродзенскай — 11.517 (на 1,2%).
Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 78.791 (за год іх колькасць знізілася на 2,1%). У Менскай вобласці іх налічвалася 37.184 (змяншэнне на 1,4%), у Берасцейскай — 32.384 (на 2%), Гомельскай — 26.653 (на 1,5%), Гарадзенскай — 24.524 (на 6,2%), Магілёўскай — 22.652 (на 3,3%), Віцебскай — 21.488 (на 5,8%).
Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,7% ад агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з 1 кастрычніка 2016 года не змянілася.
З 140,8 тыс. дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 31,9 тыс. (22,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 108,9 тыс. (77,4%).
За дзевяць месяцаў 2017 года зарэгістравана 7.994 юрыдычных асобы, 25.211 індывідуальных прадпрымальнікаў. Ліквідавана 6.809 юрыдычных асоб, спынілі сваю дзейнасць 27.777 індывідуальных прадпрымальнікаў.
„Скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў працягнецца і ў далейшым. Мы прагназуем яго лавінападобны характар, таму што застаўся вялікі дакументаабарот і існуе шмат перашкод для прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці плануецца ўвесці ў найбліжэйшыя два гады чыпаванне абутку і верхняга адзення. Гэта рэзка негатыўна адаб’ецца на працы ІП, павялічыць іх выдаткі. Перспектывы сумныя, і сітуацыя будзе пагаршацца”, — лічыць старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
Ён адзначыў, што аб скарачэнні ІП „Перспектыва” пачала гаварыць з 2014 года, яшчэ да ўказа прэзідэнта № 222, які пагоршыў становішча індывідуальных прадпрымальнікаў і ўскладніў іх дзейнасць.
На пытанне, ці зменіцца сітуацыя з прыняццем дэкрэта „Аб развіцці прадпрымальніцтва”, Шумчанка адзначыў: „Для індывідуальных прадпрымальнікаў гэты дэкрэт нічога не мяняе. Нашы прапановы не былі ўлічаныя і ў дэкрэт не ўвайшлі. Мы прапаноўвалі разгледзець пытанне аб адмене абавязковай выплаты узносаў у Фонд сацыяльнай абароны і занятасці насельніцтва, а таксама аб увядзенні сістэмы патэнтаў на прадпрымальніцкую дзейнасць”.
Разам з тым кіраўнік аб’яднання лічыць прагрэсам прыняцце ўказа аб развіцці гандлю на вёсцы і ў малых гарадах, які спрасціў падаткаабкладанне для ІП. „Але мы пакуль не ўбачылі яго рэалізацыі на практыцы. Там могуць быць падводныя камяні”, — сказаў ён. БелаПАН