За год колькасць ІП у Беларусі скарацілася амаль на 5,8 тысячы



Паводле звестак Белстата, на 1 лістапада 2017 года ў Беларусі дзейнічала 141,1 тыс. юрыдычных асоб і 244,3 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 лістапада 2016 года знізілася на 1,1%, ІП — на 5,8 тыс., або на 2,3%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб зменшылася на 1,1%, ІП — на 1,3%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 50.242 (за год іх колькасць скарацілася на 0,5%). У Менскай вобласці — 26.213 (скарачэнне на 1%), у Берасцейскай — 14.547 (на 0,4%), Гомельскай — 13.883 (на 0,5%), Віцебскай — 12.910 (на 3,2%), Магілёўскай — 11.798 (на 3,2%), Гарадзенскай — 11.517 (на 1,1%).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 79.145 (за год іх колькасць знізілася на 1,7%). У Менскай вобласці іх налічвалася 37.387 (змяншэнне на 1,1%), у Берасцейскай — 32.356 (на 1,6%), Гомельскай — 26.671 (на 1,3%), Гарадзенскай — 24.449 (на 6%), Магілёўскай — 22.747 (на 2,5%), Віцебскай — 21.558 (на 4,6%).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,6% ад агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з 1 лістапада 2016 года скарацілася на 0,1 працэнтнага пункта.

З 141,1 тыс. арганізацый дзейнасць у сферы вытворчасці ажыццяўлялі 31,9 тыс. (22,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 109,2 тыс. (77,4%).

2 кастрычніка ў Менску больш за 200 чалавек узялі ўдзел у форуме „Беларусь — краіна для бізнесу”, арганізаваным рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем „Перспектыва”.

Старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка заявіў, што на чарговым форуме, які мае адбыцца ў снежні, будзе абмяркоўвацца стратэгія дзеянняў прадпрымальнікаў у залежнасці ад таго, наколькі ўлады выканаюць патрабаванні ІП аб паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу ў краіне. Ён адзначыў, што прадпрымальнікі могуць рашыцца на забастоўку з пачатку 2018 года, калі ўлады праігнаруюць іх голас.

Свае патрабаванні прадстаўнікі малога бізнесу зафіксавалі ў выніковай рэзалюцыі форуму. Многія з іх ужо неаднаразова выказваліся і згадваліся ў аналагічных дакументах папярэдніх прадпрымальніцкіх форумаў „Перспектывы”.

Так, у чарговы раз было прапанавана ўкараніць патэнтавую сістэму для ІП, якія займаюцца рознічным гандлем, то бок дазволіць ім плаціць фіксаваны збор у якасці альтэрнатыўнай формы падаткаабкладання, а таксама пазбавіць індывідуальных прадпрымальнікаў ад абавязку рабіць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нерабочы перыяд.

Акрамя таго, прапаноўваецца адмяніць для ІП, занятых у рознічным гандлі нехарчовымі таварамі, неабходнасць пацвярджаць адпаведнасць прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў, пераклаўшы гэты абавязак на юрыдычных асоб або ІП, якія вырабляюць гэтыя тавары ці з’яўляюцца іх першымі імпарцёрамі на тэрыторыю ЕАЭС.

У рэзалюцыі таксама гаварылася аб неабходнасці знізіць памер штрафаў і ўвесці забарону на канфіскацыю ў ІП тавараў за парушэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці; змусіць арандадаўцаў усіх формаў уласнасці не павышаць арэндную плату для ІП больш, чым на паказчык інфляцыі; не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркіраванню; не распаўсюджваць на ІП патрабаванне аб электронным тавараабароце ў рамках будучага указа „Аб стварэнні нацыянальнай сістэмы прасочвання”; вырашыць праблему з нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі.

belapan.by