За год колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася амаль на 40 тысяч



У эканоміцы ў сакавіку 2021 года было занята 4 млн 298,1 тыс. чалавек, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Годам раней, у сакавіку 2020-га, гэты паказчык складаў 4 млн 337,9 тыс.

Такім чынам, за год колькасць занятых скарацілася на 39,8 тыс.

Паводле дадзеных Белстата, у I квартале 2021 года ўзровень занятасці насельніцтва (суадносіны колькасці занятага насельніцтва і колькасці насельніцтва 15—74 гадоў) склаў 66,4%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,2% колькасці працоўнай сілы. Фактычнае беспрацоўе ў чацвёртым квартале 2020 года складала 4,1%, узровень занятасці — 67,9%. У адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй людзі, якія не маюць працы, але паведамляюць, што актыўна яе шукаюць, класіфікуюцца як беспрацоўныя.

Паводле звестак Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 красавіка склаў 0,2% і ў параўнанні з 1 красавіка 2020 года не змяніўся.

Паводле звестак Белстата, у сакавіку 2021 года колькасць звольненых работнікаў склала 54.554, прынятых на працу — 49.197, суадносіны прынятых і звольненых — 90,2%. Найбольшая колькасць звольненых прыпала на прамысловасць — 11.907 чалавек (суадносіны — 89,8%), затым ідуць: гандаль — 10.483 (86,7%), сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 7.264 (112%), будаўніцтва — 4.815 (74, 4%), адукацыя — 4.662 (93,9%), ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 3.564 (98,9%), транспарт — 3.288 (72,9%).

Апытаныя БелаПАН эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам працоўнай сілы за мяжу, які ўзмацніўся ў сувязі з палітычным крызісам у краіне.

БелаПАН