За год колькасць занятых у эканоміцы Беларусі скарацілася на 26,4 тысячы



У эканоміцы Беларусі ў студзені 2018 года было занята 4 млн 340,8 тыс. чалавек, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Для параўнання: у студзені 2017 года — 4 млн 367,2 тыс. чалавек. Такім чынам за год колькасць занятых у эканоміцы Беларусі скарацілася на 26,4 тыс.

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец студзеня 2018 года склала 23,8 тыс. чалавек (у студзені 2017-га — 39,9 тыс. чалавек). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец студзеня 2018 года склаў 0,5% ад колькасці працоўнай сілы (0,9%).

25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, у які не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных грамадзян, якія не працуюць, збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі збору, вызваленыя ад яго выплаты.

У паведамленні прэс-службы прэзідэнта гаварылася, што дэкрэтам прадугледжаны „канцэптуальна іншы падыход”, накіраваны на стымуляванне працаздольных грамадзян, якія не працуюць, да легальнай занятасці. З 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць аплачваць паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Эксперты звязваюць зніжэнне занятасці з некалькімі фактарамі, у тым ліку з аптымізацыяй колькасці работнікаў у многіх сферах, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама дэмаграфічнымі прычынамі.

belapan.by